АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н ((Aman) Тэадор) (20.3.1831, г. Кымпулунг — 19.8.1891),

румынскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Францыі (1850—58). Заснавальнік і дырэктар Школы прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1864). Удзельнік рэв. 1848—49 у Валахіі. Аўтар гіст. палотнаў, прасякнутых нац.-вызв. ідэямі («Выгнанне туркаў пры Кэлугэрэні», 1872), парадных партрэтаў («Тудор Уладзімірэску»), пейзажаў, гравюр на тэмы з сял. жыцця («Селянін з шапкай у руцэ», 1875).

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЬКО́ВА (Валянціна Уладзіміраўна) (н. 26.9.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1987 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Работам уласцівы дэкар. пластычнасць кампазіцыі, мякка-лірычная каляровая гама. Аўтар манум. пано «Гасціннасць» (1987—88, Палац культуры саўгаса «Рудакова» Віцебскага р-на), «Купалле» (1989, Магілёўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых). Сярод твораў дэкар. скульптуры «Мір» (1986), «Дыялог», «Стварэнне свету», «Мацярынства» (усе 1996), «Міфатворчасць» і «Выгнанне» (абедзве 1997), серыі ваз, медалёў і дэкар. пластоў.

В.Іванькова. Дэкаратыўнае пано «Купалле». 1989.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),

каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),

1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш. сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».

2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБ (сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр. Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.

Літ.:

Ларионова Э.И. Клод Лоррен: [Альбом]. М., 1979.

К.Ларэн. Кампа Вачына.

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬКО́ЎСКІ-ЦЮ́ЛІГ ((Bańkowski-Zullig) Моніка) (н. 12.5.1946, Цюрых),

швейцарская славістка. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1973). У 1971—90 у Цюрыхскім ун-це. З 1982 гал. рэферэнт Цэнтр. б-кі Цюрыха. Даследчыца швейц.-слав. сувязяў. Сааўтар зб-каў «Факты і байкі» (1991), «Выгнанне і прытулак» (1994), навук. праектаў «Каменціраваная бібліяграфія па славянскай сацыялінгвістыцы» (т. 1—3, 1981), «Швейцарска-славянскія сувязі ад іх вытокаў. Дакументы і даследаванні» (1988—94). Распрацавала курс «Уводзіны ў беларусістыку» (1984—85). Аўтар публікацый «Адкрыццё незнаёмкі. Беларуская літаратура ў нямецкіх перакладах» (1989), «Беларускі еўрапеец» (пра М.Багдановіча), «Перабудова і моўная палітыка на прыкладзе Беларусі» (абедзве 1991), «Стан і перспектывы беларусістыкі ў Швейцарыі» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — Прысутнасць беларускай культуры ў Швейцарыі // Голас Радзімы. 1993. 8 ліп.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЁЛ,

роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),

бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.

Беларусі (1976). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.

Т.Я.Гаробчанка.

Г.П.Маркіна.
Г.Маркіна ў ролі матухны Кураж.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)