ВЫ́ВІХ,

зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.

А.​У.​Руцкі.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКСІ́Т (ад лац. coxa бядро + ...іт),

запаленчы працэс тазасцегнавога сустава. Адрозніваюць К. спецыфічныя інфекц. (ганарэйныя, туберкулёзныя, сіфілітычныя і інш.), неспецыфічныя інфекц (гнойныя), асептычныя (рэўматоідныя, рэўматычныя, з прычыны хваробы Бехцерава і інш.), як ускладненне інфекц. хваробы (дызентэрыя, бруцэлёз, адзёр і інш.). Бывае востры ці хранічны Прыкметы К.: запаленчыя змены ў сінавіяльнай абалонцы, утварэнне серознага, серозна-фібрознага ці гнойнага выпату. Выяўляецца болем у вобласці пашкоджанага сустава, павышэннем т-ры цела, абмежаванай рухомасцю сустава. Запаленчы выпат у суставе выклікае яго павелічэнне, выхад яго за межы капсулы — абсцэс ці флегмону. Запаленне з сінавіяльнай абалонкі можа пераходзіць на касцявыя структуры, разбурае вяртлюжную ўпадзіну, галоўку і шыйку сцегнавой косці, што выклікае паталаг. вывіх сцягна і пакарачэнне ніжняй канечнасці. Лячэнне: імабілізацыя, тэрапеўтычнае, хірургічнае, артапедычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.

Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.

На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.

Літ.:

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;

Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.

І.М.Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)