ВЫ́ВІХ,

зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіха, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.

А.У.Руцкі.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)