ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,

прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЭ́НТ

[ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт. Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч. г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.

Т.Б.Блінова.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)