вуглявод з групы дыцукрыдаў, складаецца з рэшткаў галактозы і глюкозы. Утвараецца ў малочнай залозе, ёсць у малацэ ўсіх млекакормячых жывёл і чалавека (2—8,5%), у некат. раслінах. Белае крышт. рэчыва, салодкае на смак, добра раствараецца ў вадзе. Ад браджэння Л. малака атрымліваюць кісламалочныя прадукты. У прам-сці вылучаюць з малочнай сыроваткі. Мае вял. значэнне ў харчаванні. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і мікрабіялогіі (гатуюць пажыўныя асяроддзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНУЛІ́Н,
поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́Л,
асноўны рэзервовы вуглявод раслін. Складаецца з лінейнай амілозы (каля 25%) і разгалінаванага амілапекціну (каля 75%). Белы парашок без паху і смаку. Не раствараецца ў халоднай вадзе, у гарачай утварае калоідны раствор. У растворы ёду набывае сіні колер. Біясінтэз К. праводзіцца глюказілтрансферазамі. Утвараецца ў клетачных арганелах (хларапластах і амілапластах), адкладваецца ў выглядзе зярнят, назапашваецца ў насенні, клубнях, карэнішчах і цыбулінах. Асн.ч. найважнейшых прадуктаў харчавання (у муцэ 75—80%, у бульбе 25%). Выкарыстоўваецца ў мед., тэкст., харч. (вытв-сць віннага спірту, глюкозы, патакі) прам-сці. Асн. крыніцы атрымання К. — бульба, кукуруза, пшаніца, рыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕ́Н, жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 105—107. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКО́ЗА, вінаградны цукар,
C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз. Самы пашыраны ў прыродзе вуглявод; трапляецца ў свабодным стане (у мёдзе, пладах, кветках і інш. органах раслін, у тканках жывёл і чалавека), уваходзіць у састаў алігацукрыдаў, поліцукрыдаў, гліказідаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў, антацыянаў і інш. У біял. аб’ектах існуе ў адной з шматлікіх хіральных формаў (стэрэаізамераў) у выглядзе двух анамераў α- і β-D-глюкозы. Выконвае ролю папярэдніка ў сінтэзе іншых цукроў (D-фруктозы, D-манозы і цукрозы), некат. буд. блокаў нуклеінавых к-т і ліпідаў. У жывых клетках глюкоза служыць гал. крыніцай энергіі. У выніку паслядоўнага шэрагу рэакцый акіслення глюкоза ператвараецца ў розныя вытворныя цукроў з меншай даўжынёй ланцуга (гліколіз, браджэнне, пептозафасфатны шлях) і ў канчатковым выніку распадаецца да CO2 і H2O (аэробнае дыханне). Вызваленая энергія назапашваецца ў форме адэназінтрыфасфату. Распад глюкозы можа ісці і па інш. (другасным) шляху з утварэннем D-глюкуронавай к-ты, якая садзейнічае абясшкоджванню некат. чужародных рэчываў у арганізме, і, L-аскарбінавай к-ты (вітаміну C). У жывёльных клетках глюкоза ўтвараецца з пірувату шляхам абарачэння гліколізу (глюканеагенез), у фотасінтэзуючых клетках — з CO2 і H2O (у цыкле Крэбса). Прэпарат глюкозы выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне, ветэрынарыі і інш.