ВУГЛАВО́Е ПАСКАРЭ́ННЕ,

вектарная велічыня ε, якая характарызуе хуткасць змены вуглавой скорасці. Пры вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай восі модуль вуглавога паскарэння ε = lim Δt 0 Δω Δt = dω dt = d2φ dt2 , дзе Δω — змена вуглавой скорасці ε за прамежак часу Δω, φ — вугал павароту. Пры гэтым вектар ε накіраваны ўздоўж восі вярчэння (у бок вектара вуглавой скорасці ω пры паскораным вярчэнні і супраць ω — пры запаволеным). Адзінка вуглавога паскарэння ў СІрадыян на секунду ў квадраце (рад/с2).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,

адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.

Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл. Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).

Да арт. Павелічэнне аптычнае: суадносіны Г1 = l′/l — лінейнае павелічэнне; Г2 =tgα′/tgα — вуглавое; Г3 = x′/x — падоўжнае.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЕ ЗРО́КУ аптычнай сістэмы,

частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.

Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЕНТА́ЦЫЯ касмічнага апарата,

1) зададзенае вуглавое становішча касмічнага апарата (КА) адносна нябесных целаў, сілавых ліній магнітнага і гравітацыйнага палёў або іншых напрамкаў у прасторы.

2) Кіраванне вуглавым рухам КА на ўчастку свабоднага палёту — наданне яго восям пэўнага становішча адносна зададзеных напрамкаў. Бывае аўтаматычная і ручная. Арыентацыя залежыць ад прызначэння КА: пры даследаваннях нябесных целаў з борта КА неабходна яго арыентаваць на адпаведны аб’ект; ШСЗ, які выкарыстоўваецца для сувязі і мае накіраваныя антэны, арыентуюць на зямныя пункты сувязі; КА з сонечнымі батарэямі арыентуюць рабочай паверхняй батарэй на Сонца; збліжэнне некалькіх КА патрабуе іх узаемнай арыентацыі.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧА́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

1) Вярчальны рух вакол нерухомай восі — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца ў паралельных плоскасцях і апісваюць акружнасці з цэнтрамі на нерухомай прамой — восі вярчэння. Асн. кінематычныя характарыстыкі — вуглавая скорасць ω і вуглавое паскарэнне ε, лінейная скорасць пункта цела на адлегласць r ад восі вярчэння ν=ωr, тангенцыянальнае паскарэнне aτ=rε, нармальнае паскарэнне an=rω2. Асн. дынамічныя характарыстыкі — момант імпульсу і кінетычная энергія. Закон вярчэння вызначаецца з асн. ўраўнення дынамікі Mz=Izε, дзе Mzвярчальны момант, Izмомант інерцыі цела адносна восі вярчэння z.

2) Вярчальны рух вакол пункта (сферычны рух) — рух цела, пры якім адзін пункт цела нерухомы, а астатнія рухаюцца па паверхні сфер. Пры такім вярчальным руху кожнае элементарнае перамяшчэнне цела — вярчэнне вакол некаторай восі (імгненнай восі вярчэння), якая бесперапынна змяняе свой напрамак.

Вярчальны рух цвёрдага цела: φ — вугал павароту; ω — вуглавая скорасць; an — нар-мальнае паскарэнне; aτ — тангенцыяльнае паскарэнне; V — скорасць пункта M, што знаходзіцца на адлегласці r ад нерухомай восі AB.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)