ВО́СПА ў жывёл, кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.

У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА ВЕТРАНА́Я,

вятранка, масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА НАТУРА́ЛЬНАЯ,

вострая інфекц. хвароба чалавека віруснага паходжання. Вірус перадаецца праз паветра (кашаль, пыл) і размнажаецца ў эпітэліяльных клетках скуры, слізістых абалонак. Інкубацыйны перыяд 10—12 дзён. Павышаецца т-ра, моцная інтаксікацыя, пашкоджваюцца сасуды, на скуры і слізістых абалонках з’яўляюцца пухіркі (воспіны) і гнайнічкі. Пухіркі падсыхаюць і адпадаюць, на іх месцы застаюцца рубцы. Часта зыход смяротны. Пакідае пасля сябе імунітэт, папярэджваецца воспапрышчэпліваннем (гл. ў арт. Вакцынапрафілактыка). На Беларусі, як і ў інш. краінах свету, хвароба ліквідавана.

А.П.Красільнікаў.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту В.), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.П.Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)