Апенька восеньская 1/385; 4/48—49 (укл.); 12/44 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 30.12.1935, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). Тэматыка твораў — пейзажы Беларусі. Працуе ў тэхніках лінарыту (серыі «Веснавыя паводкі», 1973; «Лепельшчына», 1975; «Поры года», 1978; «Бярэзінскі запаведнік», 1980; «Песні палёў», 1982; «Мой горад», 1983; «Зімовыя карункі», 1985; «Мой родны кут», 1993; асобныя аркушы: «Жыта каласуе», 1970; «Месячная ноч», 1974; «Калядная ноч», 1990, «Вечнасць» і «Восеньская мелодыя», абодва 1995), акварэлі. Выразная графічная мова твораў прасякнута лірызмам і эмацыянальным светаўспрыманнем.

В.​В.​Шамшур.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгрыд) (29.8.1915, Стакгольм — 29.8.1982),

шведская актрыса. Вучылася ў школе пры Драм. т-ры ў Стакгольме. У кіно здымалася з 1934. Актрыса шматграннага таленту, разнастайных амплуа, пераймала ў сваёй творчасці розныя стылі і творчыя манеры, спецыфіку розных нац. школ. Сусв. прызнанне атрымала пасля здымак у стужках «Газавае святло» (1944, прэмія «Оскар»), «Анастасія» (1956, прэмія «Оскар»), «Зачараваны», «Дрэнная слава» ў ЗША; «Стромбалі, зямля божая» (1950), «Еўропа-51» (1951) у Італіі, «Алена і мужчыны» (1956) у Францыі, «Жоўты ролс-ройс» (1965), «Кветка кактуса» ў Вялікабрытаніі, а таксама ў фільмах «Сведэнх’ельмы» (1935), «Забойства ва Усходнім экспрэсе» (1975, прэмія «Оскар»), «Восеньская саната». Аўтар кн. «Мая гісторыя» (1980, з А.​Бургес).

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Фёдар Сцяфанавіч) (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.

М.​Л.​Цыбульскі.

Ф.Кісялёў. Паводка ў Падніколлі. 1993.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Максім Нічыпаравіч) (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.

М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУ́К (Міхаіл Андрэевіч) (н. 5.3.1930, в. Мыкшыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак кіно і тэлебачання, графік, жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956), Маск. паліграф. ін-т (1962). З 1956 працаваў на Бел. студыі тэлебачання (у 1959—65 гал. мастак), у 1972—83 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў тэлепастаноўкі «Будка № 27» (1956), «Суд» (1957), «Песня музыкі» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1970—71), «Парашуты на дрэвах» (1972—73), «Апошняе лета дзяцінства» (1974—75), «Спытай сябе» (1975—76), маст. фільм «Канец бабінага лета» (1983) і інш. У станковых творах пераважаюць лірычныя панарамныя пейзажы, якім уласцівы кампазіцыйная завершанасць і тонкая мадэліроўка дэталяў: графічныя аркушы «Партрэт бацькі» (1969), «Навагрудскае замчышча» (1981), «Восеньская раніца» (1984), «Навальніца» (1996); серыя «Па мясцінах радзімы Хруцкага» (1997—98); карціны «Дняпроўскія далі» (1989—91), «Жніво» (1994); Чарнобыльскі трыпціх (1996) і інш.

М.Карпук. Чарнобыльскі трыпціх. 1996.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).

Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ХВЕР (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 5.12.1931, г. Ананьеў Адэскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Муж Л.М.Мягковай. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (у 1966—73 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творам уласцівы эксперыментаванне з тэхналогіяй шкла, высокая культура формаўтварэння, вобразны дэкаратывізм, гарманічныя і лаканічныя прыёмы дэкарыравання. Аўтар ваз «Зубры» (1960), «Юнацтва» (1966), «Вогнішчы» (1972), блюд «Біцюг» (1960), «Шкловыдзімальшчык» (1963), пластоў «Гутнікі» (1982), «Лікі» (1990), кампазіцый «Гарадзішча» (1971), «Віхор», «Сіла зямная» (абедзве 1979), «Восеньская сюіта» (1980), «Вызваленне» (1984), «Памяці настаўніка» (1988), «Мір таму, хто ўваходзіць», «Пакутныя», «Пад каўпаком» (усе 1989), «Іншапланецяне» (1990), «Тэатр», «Пераадоленне» (абодва 1992), «Егіпецкі матыў» (1993), «Натоўп» (1995), «Чудзікі» (1999), бутляў «Гута» (1971), «Волаты» (1975), «Лікі» (1992), скульптур «Дуэт» (1992), «Ефрасіння» (1993), «Муза» (1996); набору «Белавежская пушча» (1967) і інш. Залаты медаль на выстаўцы шкла і фарфору ў г. Ябланец (Чэхія, 1979), сярэбраны медаль АМ СССР (1990).

М.​М.​Яніцкая.

У.Мурахвер. Кампазіцыя «Пакутныя». 1989.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгмар) (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),

шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.​Шэкспіра, Г.​Ібсена, А.​Стрындберга, А.​Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.

Літ.:

Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;

Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.

Л.​А.​Сівалобчык.

І.Бергман.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)