МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,

рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДАФО́РМ, трыёдметан,

арганічнае злучэнне, ёдвытворнае метану, СНІ3. Зеленавата-жоўтыя крышталі з непрыемным пахам, іпл 123 °C, шчыльн. 4008 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у эфіры, хлараформе, воцатнай кіслаце. Выкарыстоўваюць як вонкавы антысептык у медыцыне.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПЕРАПО́НКА,

тонкая, эластычная мембрана ў вуху наземных пазваночных жывёл і чалавека. Аддзяляе вонкавы слыхавы праход ад барабаннай поласці. Гал. функцыя — перадача гуку і яго ўзмацненне. Гукавыя хвалі, дасягаючы барабаннай перапонкі, надаюць ёй ваганне, якое праз слыхавыя костачкі перадаецца ўнутранаму вуху.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́СТА,

пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУФЛЯ́Ж (франц. camouflage),

1) спосаб ваен. маскіроўкі шляхам афарбоўкі прадметаў (танкаў, гармат, аўтамашын, караблёў, катэраў, будынкаў і інш.) і адзення ваеннаслужачых плямамі, палосамі рознай формы і колеру, якія змяняюць іх вонкавы выгляд, скажаюць контуры, робяць іх менш прыкметнымі сярод навакольнай мясцовасці.

2) У пераносным сэнсе — падманлівае знешняе ўражанне, бачнасць.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАЗАМІ́Н,

C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫЯ ЛІСТКІ́, зародкавыя пласты,

слаі клетак зародка шматклетачных жывёл і чалавека, што ўтвараюцца ў працэсе гаструляцыі. Адрозніваюць тры З.л.: вонкавы — эктадэрма, сярэдні — мезадэрма, унутраны — энтадэрма. Кожны З.л. складаецца з маладыферэнцыраваных клетак з вял. магчымасцямі развіцця і дае пачатак пэўнай групе тканак і органаў. Тканкавая спецыфічнасць вытворных З.л. захоўваецца і ва ўмовах росту пухлін.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЕ́Н (ад дэрмата... + ...ген),

вонкавы шчыльны (без міжклетнікаў) слой клетак першаснай утваральнай тканкі (мерыстэмы) у кончыках каранёў пакрытанасенных раслін. Утварае эпіблему з каранёвымі валаскамі. У двухдольных удзельнічае ў фарміраванні каранёвага чахольчыка. На верхавінках паветраных каранёў архідных, ароідных і некат. інш. раслін Д. утварае мнагаслойную тканку (т. зв. веламен), якая збірае ваду. У голанасенных раслін функцыю Д. выконвае пратадэрма.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)