ЯЧМЕ́НЬ у медыцыне,

вострае гнойнае запаленне сальнай залозы павека або валасянога мяшочка вейка. Выклікаецца звычайна стафілакокамі (пры мясц. траплянні або пранікненні праз кроў), часцей у аслабленых людзей на фоне блефарыту, танзіліту, цукр. дыябету і інш. Бывае вонкавы і ўнутраны. Вонкавы ўзнікае як балючая кропка на павеку з прыпухласцю, пачырваненнем скуры і кан’юнктывы. Праз 2—3 дні ўтвараецца гнайнічок жоўтага колеру, які ўскрываецца на 3—4-ы дзень (на месцы гнайнічка можа ўтварацца рубец). У некат. выпадках гнайнічок не ўскрываецца, яго змесціва рассысаецца і ўшчыльняецца (часцей пры ўнутр. Я.). Прыкметы Я. звычайна знікаюць праз тыдзень. Зрэдку бывае ў выглядзе некалькіх кропак, што зліваюцца ў адзін запаленчы ачаг. У такіх выпадках парушаецца агульны стан, павышаецца т-ра цела, павялічваюцца калявушныя і падсківічныя лімфавузлы. Лячэнне тэрапеўт., зрэдку хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)