МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,

рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)