Возны 3/145; 5/310

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНЫ,

службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),

1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.

2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.

3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),

украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр. рэаліст. т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.​Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.​Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.​Гогаль, Т.​Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.​Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.​Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.​Шэкспіра).

Літ.:

Грін А.А. К.​Т.​Соленик. Київ, 1963.

Р.​Я.​Піліпчук.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),

суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСАГА́НСКІ (сапр. Табілевіч) Панас Карпавіч

(15.5.1859, с. Каменна-Каставатае Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1940),

украінскі акцёр і рэжысёр. Брат І.​Карпенкі-Карага, М.​Садоўскага. Нар. арт. СССР (1936). Прафес. акцёрскую дзейнасць пачаў у 1883 у трупе М.​Старыцкага. У 1890—1909, 1915—17 арганізоўваў і ўзначальваў т-вы ўкр. акцёраў (з Садоўскім, М.​Крапіўніцкім, М.​Занькавецкай, Карпенкам-Карым, І.​Мар’яненкам). У 1918 стварыў у Кіеве Нар. т-р, з якога ў 1922 арганізаваны Укр. драм. т-р імя Занькавецкай. Працаваў у ім (з перапынкамі) да 1932, а таксама ў т-ры імя І.​Франко, у 1927—31 у Харкаўскім нар. т-ры. Тонкі знешні малюнак ролі, дасканалая прапрацоўка дэталей, багатая адценнямі сцэн. мова, нар. гумар — характэрныя рысы яго выканальніцкай дзейнасці. Сярод лепшых роляў: Возны («Наталка Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Банавентура, Гнат Голы, Тарабанаў («Сто тысяч», «Мартын Баруля», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Галахвосты («За двума зайцамі» Старыцкага), Франц («Разбойнікі» Ф.​Шылера). З 1889 працаваў як рэжысёр. Паставіў п’есы «Абяздоленая», «Марасць» Карпенкі-Карага (1890, 1904), «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (1891), «Урыэль Акоста» К.​Гуцкава (1918), «Атэла» У.​Шэкспіра (1926).

Тв.:

По шляху життя. [Харків], 1935;

Думки про театр. Київ, 1955.

Літ.:

Стеценко Л. Панас Саксаганський. Київ, 1959.

У.​М.​Стэльмах.

П.К.Саксаганскі.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)