Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗНЫ,
службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
во́зны
(ст.-польск. woźny)
службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і Вялікім княстве Літоўскім (16—18 ст.), судовы выканаўца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Во́знік (БРС, Нас., Бяльк.). Ад воз з суф. ‑нік, які ў бел. мове быў прадуктыўным пры ўтварэнні Nomina agentis яшчэ ў старажытны перыяд (Суффикс. словообр., 65). Але, па даных КГС, гэта слова адзначана толькі ў значэнні ’возны конь’. Сучаснае вознік ’возчык’ з’явілася па лексіка-семантычнаму спосабу словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.
2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.
3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЦКІ,
1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.
2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.
Г.В.Ласкавы.
т. 6, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
т. 8, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
генера́л
(ням. General, ад лац. generalis = агульны, галоўны)
1) воінскае званне вышэйшага каманднага саставу арміі, старшае за званне палкоўніка;
2) гіст. судовы выканаўца ў Вялікім княстве Літоўскім; галоўны возны;
3) тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некаторых іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)