ВО́ДМЕЛЬ,

1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.

2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мацерыковая водмель

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКА

(галанд. bank),

водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ НЬЮФАЎНДЛЕ́НДСКАЯ БА́НКА

(Grand Bank),

вялізная водмель у Атлантычным ак., каля в-ва Ньюфаўндленд. Пераважаюць глыб. да 100 м, найменшая глыб. 5,5 м. Грунт — пясок, галька, жвір. У раёне Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі сутыкаюцца воды халоднага Лабрадорскага цячэння і цёплага цячэння Гальфстрым. Частыя туманы. Трапляюцца айсбергі. Адзін з найб. у свеце арэалаў рыбалоўства (траска, селядзец і інш.).

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Вялікае Арэхаўскае, у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².

Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на Паўночным Захадзе вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на Усходзе і Паўночным Усходзе высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ БЕЛ́АЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,48 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 10,2 м, даўж. берагавой лініі 7,5 км. Пл. вадазбору 3,2 км². Схілы катлавіны выш. 11—17 м, стромкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, на Пн сплавінныя. Дно да глыб. 5 м выслана пяском, да 6—7 м глеем, глыбей — сапрапелем. У паўн. ч. востраў пл. 0,1 га і пясчаная водмель глыб. 0,1 м. Расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана пратокай з воз. Гваздок.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)