КАМАЕ́ДЗІЦА,
старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.
М.Ф.Піліпенка.
т. 7, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,
старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.
Г.А.Барташэвіч.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)