ВЕ́ТРАЗЬ судна,

палотнішча (ільняная, баваўняная, сінтэтычная тканіна) ці гнуткая пласціна для пераўтварэння энергіі ветру ў энергію руху судна; адзін з самых стараж. відаў рухачоў. Ветразі адрозніваюць: па форме — прамыя (у выглядзе прамавугольніка ці раўнабокай трапецыі; ставяцца ўпоперак судна) і косыя (трох- і чатырохвугольныя; ставяцца ўздоўж судна); паводле месца размяшчэння — верхнія, заднія, лятучыя, ніжнія, пярэднія; паводле прызначэння — звычайныя і штармавыя. Вецер аказвае на ветразі непасрэдны ціск (пры размяшчэнні ветразяў перпендыкулярна ветру) ці стварае аэрадынамічную сілу (пры косым абцяканні ветразяў паветр. патокам). У залежнасці ад размяшчэння на судне кожны ветразь мае сваю назву. Выкарыстоўваюцца таксама на буерах.

Ветразі трохмачтавага карабля: 1 — фор-топсель; 2 — фор-бом-брамсель; 3 — фор-брамсель; 4 — фор-марсель; 5 — фок; 6 — грот-топсель; 7 — грот-бом-брамсель; 8 — грот-брамсель; 9 — грот-марсель; 10 — грот; 11 — круйс-топсель; 12 — круйс-бом-брамсель; 13 — круйс-брамсель; 14 — круйс-марсель; 15 — бізань; 16 — клівер; 17 — другі клівер; 18 — фор-стаксель; 19 — стакселі.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАЗЬ у архітэктуры,

элемент купальнай канструкцыі, які забяспечвае пераход ад квадратнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці купала ці яго барабана; адзін з асн. канструкцыйна-маст. элементаў візант. і стараж.-рус. архітэктуры. Вядомы ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму і інш. На Беларусі ветразі з’явіліся ў мураванай культавай архітэктуры 11—12 ст. (Полацкі Сафійскі сабор, Гродзенская Барысаглебская царква). Існуюць 2 асн. іх разнавіднасці: у выглядзе сферычных трохвугольнікаў (павернуты вяршыняй уніз, выкарыстоўваюцца пры пераходзе ад чацверыкоў да круглага ў плане купала або барабана) і плоскіх трохвугольнікаў (пры пераходзе да васьмерыкоў).

У драўляным дойлідстве Беларусі 17—19 ст. вядомы ветразі сферычныя, плоскія нахіленыя, гарыз. (кансольна-бэлечныя); прамыя (пры пераходзе чацверыка ў васьмярык) і адваротныя (пры пераходзе васьмерыка ў чацвярык; Рубельская Міхайлаўская царква і Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква).

Ветразі.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАБУ́Н Уладзімір Васілевіч (н. 11.4.1946, в. Несцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. скульптар, графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). У 1979—86 старшыня Гродзенскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі, у 1987—99 выкладаў у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў. Працуе ў станковай і манум. скульптуры, графіцы. Аўтар мемар. комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976), помніка на вайск. могілках у Гродне (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкар. «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), аб’ёмнапрасторавых (1991); цыкла «Скульптура малых форм «Ракурс» (1990—2002), серыі керамічных пасудзін (1993—98), графічнага цыкла «Ракурс» (1986—96). Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці В.​Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла св. Андрэя ў г. Слонім Гродзенскай вобл., «Госпадзі, веру табе» для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), «Флора і фауна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).

Л.​Ф.​Салавей.

У.Церабун. Кампазіцыя «Ветразь». Гродна. 1992.

т. 17, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЫ́НКІ,

вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 48 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Койданава. 191 ж., 95 двароў (2001). Кааператыў «Ветразь». Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Валерый Аксёнавіч (н. 8.1.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ пладаводства (у 1974—90 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі пладовых культур. Сааўтар сартоў слівы Нарач, Кромань, Далікатная і інш.; гібрыднай алычы Ветразь, Мара, Віцьба і інш.

Тв.:

Сліва ў вашым садзе. Мн., 1994;

Результаты и перспективы селекции плодовых культур в Республике Беларусь // Плодоводство: Науч. тр. БелНИИП. 1995. Т. 10.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН Сяргей Канстанцінавіч (10.10.1926, г. Каўроў Уладзімірскай вобл., Расія — 18.12.1973),

рускі пісьменнік. Скончыў Ліг. ін-т імя М.​Горкага (1952). Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Вяртанне» (1952), «Сем сланоў» (1954), «Белы ветразь», «Касцёр на ветры» (абодва 1960), «Вечаровая зара» (1970) і інш. пераважна пра сучаснікаў. Творчасці Н. ўласцівы дакладныя замалёўкі побыту, інтанацыі жывой мовы. Пісаў для дзяцей. На бел. мову яго творы пераклаў Б.​Сачанка.

Тв.:

Избранное. Владимир, 1992;

Живая вода: Повести и рассказы. М., 1973;

Повести и рассказы. М., 1989.

Літ.:

Лапшин М. Сергей Никитин. М., 1971;

Воспоминания о Сергее Никитине. Ярославль, 1990.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́ЕЎ Валянцін Пятровіч (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),

расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.​П.​Пятрова (гл. Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.​Тарас, У.​Краўчанка, Л.​Салавей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1983—86;

Бел. пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;

Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;

Сын палка. Мн., 1947;

Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.

Літ.:

Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;

Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.

Л.​В.​Календа.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «МАНАЛІ́Т».

Створана ў 1972 у Віцебску на базе з-даў радыёдэталей (дзейнічае з 1958) і рэзістараў (з 1968) у Віцебску і з-да «Лантан» (поўнасцю ўведзены ў 1973) у г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1980 увайшлі Лепельскі электрамех. з-д і з-д «Ветразь» у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Вядучы вытворца маналітных керамічных кандэнсатараў сярод краін б. СССР (забяспечвае 50% патрэбы ў іх). Асн. прадукцыя (1996): шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і інш. п’езавырабы, пазістары, шматслойныя індуктыўнасці на керамічнай падложцы для паверхневага мантажу, складанае тэхнал. абсталяванне, сістэмы электроннага запальвання, устройствы цеплавой аховы электрарухавікоў, мікрафоны, быт. пыласосы і інш. тавары шырокага ўжытку. На ВА дзейнічае н.-д. ін-т электроннай тэхнікі.

С.​Дз.​Грыгарчук.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РКА (італьян. barca),

1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМКІНА Вольга Васілеўна (н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Батык, Габелен.

Літ.:

Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;

Яе ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)