ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ,
Благавешчанне, Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»), рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежыў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
А.У.Верашчагіна.
т. 5, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)