ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.​Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.​Сідарэнкам), Н.​Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.​Кошалем і С.​Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.​Вярцінскі, В.​Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТВІЛА ((Montvila) Вітаўтас) (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),

літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Аўрамчык, С.​Дзяргай, А.​Звонак, А.​Лойка, М.​Лужанін, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1956;

Ночи без ночлега. М., 1982;

Когда приходит весна. М., 1982.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУТС ((Luts) Оскар) (7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),

французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.​Чэхава і М.​Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.​Гогаля.

Тв.:

Рус. пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;

Весна семьдесят первого. М., 1968.

Літ.:

Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)