ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,
асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАЦЦАЦІСКЛАДО́ВІК,
вершаваная форма з 11 складоў. У метрычным вершаскладанні вядомы адзінаццаціскладовік алкееў (першыя 2 радкі алкеевай страфы), сапфічны (першыя 3 радкі сапфічнай страфы) і інш. У сілабічным вершаскладанні самы пашыраны памер, якім карысталіся ў санетах і паэмах, напісаных тэрцынамі і актавамі. Меў сталы націск на 10-м складзе і звычайна жаночую клаўзулу.
т. 1, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,
вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Нянавісць» П.Панчанкі).
В.П.Рагойша.
т. 2, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОСЬ ЦЯПЕ́Р ЯКІ́ ЛЮД СТАЎ»,
бел ананімная вершаваная гутарка 1-й пал. 19 ст. Месца і час напісання невядомыя. Знойдзена І.Насовічам на Мсціслаўшчыне ў 1848 і апублікавана ім у 1873. Адлюстроўвае ломку патрыярхальнага побыту ў сувязі з выспяваннем капіталіст. адносін. Прасякнута непрыняццем маралі, заснаванай на чыстагане, адмаўленнем грамадства, дзе ўсё купляецца за грошы. У гутарцы асуджаюцца разбурэнне сям’і, адчужанасць людзей, прагнасць і жорсткасць багацеяў, хабарніцтва чыноўнікаў, несправядлівасць царскіх судоў. Выйсце аўтар наіўна бачыў у духоўным удасканаленні на аснове хрысціянскай маралі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРЫН (Дзмітрый Барысавіч) (4.2.1907, пас. Шчаглоўка Данецкай вобл., Украіна — 18.9.1945),
рускі паэт. Друкаваўся з 1924. Першы і адзіны прыжыццёвы зб. «Сведкі» (1940). У вершах, баладах («Дойліды», 1938), паэмах («Конь», 1940) паэтызацыя сучаснасці і гіст. мінулага, прырода роднай зямлі, глыбіня лірычных інтанацый, нац.-гіст. каларыт. Адзін з лепшых яго твораў — вершаваная драма «Рэмбрант» (1940) пра трагічнае адзінаборства геніяльнага мастака за духоўнае разняволенне. У творчасці перыяду Вял. Айч. вайны вершы пра Радзіму, нязломнасць нар. духу. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Ю.Гаўрук, Х.Жычка.
Тв.:
Стихотворения. Поэмы. М., 1982.
Літ.:
Тартаковский П. Дмитрий Кедрин. М., 1963.
т. 8, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл. Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл. Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл. Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Літ.:
Гл. пры арт. Вершаскладанне.
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,
група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.
Літ.:
Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;
Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб. арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт. зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.
А.В.Спрынчан.
т. 10, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЦЫЯ́НА (Poliziano; сапр. Амбраджыні; Ambrogini) Анджэла
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Тв.:
Рус. пер. — Сказание об Орфее. М.; Л., 1933.
С.В.Логіш.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРО́ ((Perrault) Шарль) (12.1.1628, Парыж — 16.5.1703),
французскі паэт і крытык. Брат К.Перо. Чл. Франц. акадэміі (з 1671). Па адукацыі юрыст. Аўтар пародый (паэма «Сцены Троі, або Паходжанне бурлеска», 1653), алегарычных паэм, од, пасланняў у стылі галантнай прыдворнай паэзіі. Выступаў супраць эстэтыкі класіцызму (паэма «Стагоддзе Людовіка Вялікага», 1687, дыялогі «Паралелі паміж старажытнымі і новымі...», т. 1—4, 1688—97), палемізаваў з Н.Буало (вершаваная сатыра «Апалогія жанчын», 1694). Сусв. вядомасць прынеслі казкі «Спячая прыгажуня», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Папялушка», «Хлопчык з ногцік» і інш. (зб. «Казкі маёй матухны Гусі», 1697). Паўплываў на развіццё сусв. казачнай традыцыі (браты В. і Я. Грым, Х.К.Андэрсен). Яго творы пакладзены на музыку (Дж.Расіні, П.Чайкоўскі, Б.Бартак, С.Пракоф’еў). На бел. сцэне паводле казак П. пастаўлены спектаклі «Дзіўныя прыгоды Ката ў ботах» (1984, Магілёўскі абл. т-р лялек), «Кот у ботах» (1988, Мінскі драм. т-р «Дзе-Я?»), «Чаравічак для Папялушкі» (1996, Мінскі малы т-р). На бел. мову яго казкі пераклалі З.Колас, Р.Яўсееў.
Тв.:
Бел. пер. — Чырвоная Шапачка. Мн., 1979;
Чарадзейныя казкі. Мн., 1993;
Рус. пер. — Сказки матушки Гусыни, или История и сказки былых времен с поучениями. М., 1991.
Г.М.Малей.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)