ВЕРО́НА (Verona),

горад у Паўн. Італіі, на р. Адыджэ. Адм. ц. прав. Верона. 256,8 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі) на паўд. подступах да перавалу Брэнер у Альпах. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, хім., лёгкая, дрэваапр., паліграф., харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Музеі, у т. л. Нац. пінакатэка. Штогадовы міжнар. с.-г. кірмаш.

У горадзе захаваліся стараж.-рымскія арэна, т-р, рэшткі ўмацаванняў (вароты Порта дэі Барсары, Порта дэі Леоні), мост Понтэ П’етра. У цэнтры Вероны 2 гал. плошчы: П’яцца дэле Эрбе (б. антычны форум) з гатычнымі дамамі Каса дэі Мерканці (1301) і Торэ дэль Гардэла (1370) і барочным Палацца Мафеі (1668); П’яцца дэі Сіньёры з раманскім Палацца дэль Камуне (пач. ў 1193), палацам Скалігераў (Палацца дэль Гаверна; канец 13 ст.) і рэнесансавай Лоджыяй дэль Кансільё (1475—92). Раманскія царква Сан-Дзена Маджорэ (5 ст.) і сабор (1139—87, кампаніла — 16 ст., арх. М.​Санмікелі), гатычныя магільны склеп роду Скалігераў (13—14 ст.) і царква Сант-Анастазія (1291—1323 і 1422—81; у інтэр’еры фрэскі А.​Пізанела). Гатычны замак Кастэльвек’ё (1354—75) з мостам Скалігераў. Рэнесансавыя палацы (Пампеі, 1530; Каноса, каля 1530; Бевілаква, 1532) і брама гар. умацаванняў (1530—50-я г.; усе арх. Санмікелі).

Літ.:

Горяинов В.В. Падуя. Виченца. Верона. М., 1978.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЫДЖЭ (Adige),

рака на Пн Італіі. Даўж. 410 км, пл. бас. 14,7 тыс. км², большая ч. — у Альпах. Пачынаецца на З Эцтальскіх Альпаў, да г. Верона цячэ ў трогавай даліне, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Упадае ў Адрыятычнае м., утвараючы агульную дэльту з р. По. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні расход вады 266 м³/сек. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На рацэ г. Верона.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.​Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.

Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДА (Garda),

кліматычны курорт у Італіі на ПнЗ ад г. Верона каля адгор’яў Паўд. Альпаў. У складзе зоны адпачынку і турызму вакол буйнейшага ў Італіі аднайм. возера. Мяжуе з размешчанымі ў яго наваколлі інш. шматлікімі курортамі. Мяккі міжземнаморскі клімат з рысамі горнага, выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння шырокага спектра захворванняў, пры якіх эфектыўнае кліматалячэнне.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),

Венета, вобласць на ПнУ Італіі. Пл. 18,4 тыс. км². Нац. 4,36 млн. чал. (1994). Уключае правінцыі Белуна, Венецыя, Верона, Вічэнца, Падуя, Равіга, Трэвіза. Адм. ц. — г. Венецыя. Значныя гарады Падуя і Верона. Размешчана ва ўсх. ч. Венецыянскай нізіны і на схілах Даламітавых Альпаў (г. Мармалада, 3342 м).

Клімат умераны. Рэкі П’яве, Брэнта, Адыджэ, часткова По. На З воз. Гарда. У гарах захаваліся шыракалістыя і хвойныя лясы. Значны прамысл. раён краіны. Машынабудаванне (гідратурбіны, помпы, кампрэсары, станкі, с.-г. машыны) і металаапрацоўка, тэкст. прам-сць, асабліва выраб шарсцяных тканін. У раёне г. Венецыя сканцэнтравана каляровая металургія (вытв-сць гліназёму, алюмінію, цынку), суднабудаванне, нафтаперапрацоўка, нафтахімія, коксахімія, вытв-сць мінер. угнаенняў, чорная металургія, а таксама традыцыйная вытв-сць шкла і вырабаў з яго, мазаікі і філігранных упрыгажэнняў. Дрэваапрацоўка і харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы нізіннай часткі пераважае раслінаводства (пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, каноплі, тытунь, рыс, бабовыя, бульба); вінаграднікі, сады, аліўкавыя гаі. Шаўкаводства (правінцыя Трэвіза). У гарах жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства (порт К’ёджа). Горад Венецыя і воз. Гарда — цэнтры міжнар. турызму.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),

італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.

Тв.:

Рус. пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНМІКЕ́ЛІ ((Sanmicheli) Мікеле) (1484, г. Верона, Італія — 1559),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.​Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).

М.Санмікелі. Порта Паліо. 1557.

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,

саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КА ((Sacco) Джузепе) (Юзаф; 1735, г. Верона, Італія — 22.12.1798),

архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока і класіцызму. Працаваў на Беларусі. З 1773 у Гродне, прыдворны архітэктар графа А.​Тызенгаўза (1774), гал. архітэктар па буд-ве каралеўскіх мануфактур ВКЛ. Кіраваў буд. школай на Гарадніцы ў Гродне. У Гродне пабудаваў Аўгустоўскую сядзібу (1770-я г.), удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў і рэканструкцыі Гродзенскага палаца Тызенгаўза (з арх. Ю.​Мёзерам), Гродзенскага Новага замка, езуіцкага касцёла (1773), ратушы (1775, з арх. Фрэйліхам). Сярод інш. пабудоў: Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, палац Станіславоўскай сядзібы, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс (з арх. К.​Спампані). Працаваў таксама ў г. Паставы Віцебскай вобл. (1770-я г.), вёсках Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. (1776), Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1781). Стварыў праект ратушы ў Вільні (1784, не ажыццёўлены).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.

Літ.:

Витебская старина /Сост. А.​П.​Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.

А.​П.​Грыцкевіч.

А.Гваньіні.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)