ГВАНЫ́НІ,
Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
А.П.Грыцкевіч.
т. 5, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)