ВЕ́РНІК,
чалавек, які верыць у Бога і належыць да пэўнай рэлігійнай канфесіі. Гл. Веравызнанне.
т. 4, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],
форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.
Літ.:
Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭРА́НСТВА,
адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр. ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.
С.В.Казуля, В.Ф.Шалькевіч.
т. 9, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)