ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАЛАКУЛЯ́РНЫЯ, локулааскаміцэты (Loculoascomycetidae),

падклас сумчатых грыбоў. Уключае 5 парадкаў, каля 5 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 4 парадкаў: капнадыяльныя, датыяральныя, датыдэяльныя, гістэрыяльныя, каля 100 відаў. Большасць аскалакулярных — сапратрофы. Жывуць на розных раслінных субстратах. Ёсць паразіты вышэйшых раслін і грыбоў. Віды з родаў афіябол, вентурыя, лептасферыя, плеяспора, стыгматэя і інш. — узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (парша яблыні і грушы, плямістасці бабовых, гнілі каранёў злакаў і інш.).

Аскалакулярныя ўтвараюць сумкі ў стромападобных утварэннях — аскастромах, або псеўдатэцыях, рознай формы і будовы (сістэматычная прыкмета). Сумкі фарміруюцца сярод тканак пладовых целаў у поласцях — локулах (адсюль назва). Па форме локула падобная да перытэцыю, але без уласнай абалонкі (перыдыю), якую замяняе тканка стромы. У кожнай локуле ўтвараецца 1 або некалькі сумак.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРША́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш. с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.

Літ.:

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;

Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.

С.​І.​Бельская.

Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАСКАНА́ЛЫЯ ГРЫБЫ́, дэйтэраміцэты (Fungi imperfecti, Deuteromycetes),

клас вышэйшых грыбоў. Сістэматыка Н.г. заснавана на знешнім падабенстве (напр., на будове канідыяльных споранашэнняў), таму клас філагенетычна разнародны. 3 парадкі: гіфаміцэтальныя, меланканіяльныя, сферапсідальныя міцэліі. Каля 15 тыс. відаў. На Беларусі вял. колькасць відаў з родаў: альтэрнарыя, аскахіта, аспергіл, гельмінтаспорый, калетатрыхум, манілія, мікасферэла, пеніцыл, септорыя, фома, ботрытыс, вентурыя, сферопсіс, цытаспора і інш. Трапляюцца ў глебе, вадзе, на драўніне.

Вегетатыўнае цела ў выглядзе септыраванага, моцна разгалінаванага міцэлію. Жыццёвы цыкл Н.г. адбываецца ў гаплоіднай фазе. Пры парасексуальным працэсе зліваюцца гаплоідныя ядры, утворанае дыплоіднае ядро дзеліцца з новай камбінацыяй геномаў, што абумоўлівае шырокую ўнутрывідавую зменлівасць. Большасць Н.г. размнажаецца канідыямі, палавыя (дасканалыя) стадыі адсутнічаюць. Канідыі ўтвараюцца на канідыяносцах, якія з’яўляюцца спецыялізаванымі галінкамі міцэлію, адрозніваюцца формай, афарбоўкай, колькасцю клетак. Многія віды жывуць як сапратрофы ў глебе (большая ч. глебавых грыбоў), удзельнічаюць у раскладанні арган. рэшткаў, глебаўтварэнні, засяляюць рызасферу вышэйшых раслін і знаходзяцца ў складаных сімбіятычных адносінах з імі. глебавымі бактэрыямі і актынаміцэтамі (напр., пеніцыл, трыхадэрма, фома, фузарыум). Сярод Н.г. — паразіты вышэйшых раслін, якія выклікаюць небяспечныя захворванні с.-г. культур (напр., грыбы з родаў ботрытыс, кладаспора), паразіты насякомых-шкоднікаў і грыбоў, патагенных для раслін, драпежныя грыбы — знішчаюць фітанематод (выкарыстоўваюцца пры біял. метадах аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб). Некат. сапратрофныя Н.г. ўтвараюць цвілі на харч. прадуктах, прамысл. вырабах, карцінах. Пеніцылы і аспергілы з’яўляюцца прадуцэнтамі антыбіётыкаў, ферментаў, арган. к-т і выкарыстоўваюцца ў іх вытв-сці.

Літ.:

Стрельская О.Я. Низшие растения: Систематика. Мн., 1985;

М юллер Э., Лёффлер В. Микология: Пер. с нем. М., 1995.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)