ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.
Тв.:
Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́БАН ((Laban) Рудольф фон) (15.12.1879, Браціслава — 1.7.1958),
аўстрыйскі танцоўшчык, харэограф, педагог, тэарэтык танца. Па паходжанні венгр. Вучыўся жывапісу і дэкар. мастацтву ў Мюнхене, акцёрскаму майстэрству і танцу ў Парыжы. У 1907—10 выступаў як танцоўшчык. Заснавальнік і кіраўнік шэрагу харэаграфічных школ у Германіі і Швейцарыі. У 1925 стварыў у Гамбургу камерную балетную трупу. У 1930—34 дырэктар дзярж. аб’яднання т-раў Берліна, кіраўнік балетнай трупы Берлінскай дзярж. оперы. З 1938 у Вялікабрытаніі. Распрацаваў сістэму запісу рухаў пад назвай «кінетаграфія» (вядома як «лабанатацыя»). У сваёй тэорыі танца (харэотыцы) з дапамогай матэм. метаду аналізу абгрунтаваў універсальныя рухі чалавечага цела. Заснавальнік ням. «выразнага танца», які паўплываў на ўсе віды сучаснай харэаграфіі. Аўтар кн. «Свет танцоўшчыка» (1920), «Харэаграфія» (1926), «Прынцыпы запісу танца і руху» (1956).
Л.А.Сівалобчык.
т. 9, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕШ (Каспар) (1520, Трансільванія — 7.11.1579),
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
т. 2, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЁР-АГЛЫ́»,
«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).
Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст. Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд. азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.
Публ.:
Кёроглу. Баку. 1959.
Літ.:
Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ (Milloss; сапр. Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл
(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т. л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.
т. 10, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)