«ВЕНГЕ́РКА»,

гарадскі бытавы танец. Створаны ў канцы 19 ст. ў Расіі на аснове венг. нар. танца чардаш, у хуткім часе атрымаў вял. пашырэнне. На Беларусі напачатку ўваходзіў у гарадскі, потым у сял. побыт. Выконваецца парамі, характэрная фігура — «венгерскі ключ». Муз. Памер 2/4, 4/4. Тэмп хуткі.

Л.К.Алексютовіч.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РКА

(Węgierko) Аляксандр (17.7.1893, Варшава — 1941),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм. т-р у Беластоку (Польшча).

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,

танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)