МІРО́НЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 9.2.1942, в. Акцяброва Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Канд.фіз.-матэм.н. (1970), праф. (1992). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1964). З 1975 у Гомельскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў. Увёў паняцці ўкладальных сістэм і адлюстроўваючай функцыі. Прапанаваў выкарыстоўваць лінейную залежнасць функцый многіх пераменных на рашэннях дыферэнцыяльных сістэм для вывучэння ўласцівасцей гэтых сістэм.
Тв.:
Линейная зависимость функций вдоль решений дифференциальных уравнений. Мн., 1981;
Отражающая функция и периодические решения дифференциальных уравнений. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МУНДСЕН ((Amundsen) Руаль) (16.7.1872, г. Борг, Нарвегія — 1928),
нарвежскі палярны падарожнік і даследчык. У 1903—06 упершыню праплыў Паўн.-Зах. праходам з У на З ад Грэнландыі да Аляскі. На судне «Фрам» адправіўся ў Антарктыку, 14.12.1911 на сабаках дасягнуў Паўд. полюса. Спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса дрэйфам на судне «Мод» (1918—21) і самалётам (1925). У 1926 узначаліў 1-ы трансарктычны пералёт праз Паўн. полюс на дырыжаблі «Нарвегія». Загінуў у Баранцавым м., шукаючы экспедыцыю У.Нобіле. Імем Амундсена названы заліў і катлавіна ў Арктыцы, гара, ледавік, мора, заліў і навук. станцыя ЗША у Антарктыдзе.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1936—39;
Перелёт через Ледовитый океан. М.; Л., 1927 (разам з Л.Эльсвартам);
На корабле «Мод»: Экспедиция вдоль северного побережья Азии. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛДУЭЛ ((Caldwell) Эрскін Прэстан) (17.12.1903, Морленд, ЗША — 11.4. 1987),
амерыканскі пісьменнік. У 1922—26 вучыўся ў Віргінскім ун-це. Друкаваўся з 1930. Сац. праблематыка ў навелах 1930-х г. (зб-кі «Амерыканская зямля», 1931; «Мы жывыя», 1933; «На каленях перад узыходзячым сонцам», 1935, і інш.), аповесцях «Выпадак у ліпені» (1940), «Хлопчык з Джорджыі» (1943; аўтабіягр.). У сац. раманах «Тытунёвая дарога» (1932), «Богава дзялянка» (1933), «Джэні» (1961), «Бліжэй дадому» (1962) паказаў поўнае кантрастаў жыццё амер. Поўдня, праблемы расавай дыскрымінацыі, эканам. няроўнасці. Псіхал. і любоўныя канфлікты ў раманах «Далонь Госпада Бога» (1947), «Начнік» (1952), «Каханне і грошы» (1954), «Грэта» (1955). Творам К. ўласцівы моўны лаканізм, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый, трагічнага з сатыр.-фарсавым. Пад уражаннем паездкі ў СССР і на фронт у 1942 напісаў публіцыстычныя кнігі «Дарога на Смаленск», «Расія змагаецца» і раман пра партыз. рух у Сав. Саюзе «Усю ноч». Аўтар публіцыстычных кніг «Удоўж і ўпоперак Амерыкі» (1964), «У пошуках Біска» (1965), «Апоўдні пасярод Амерыкі» (1976) і інш. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Я.Верабей, С.Дорскі, Я.Дубовік, В.Лапацін.
Тв.:
Рус.пер. — Повести и рассказы. М., 1956;
Дженни. Ближе к дому. М., 1963;
Вдоль и поперек Америки. М., 1966.
Літ.:
Яценко В.И. Эрскин Колдуэл. Иркутск, 1967;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.