ВЫЛЧА́НАЎ Рангел

(н. 12.10.1928, Сафія),

балгарскі кінарэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1981). Скончыў Вышэйшы ін-т тэатр. мастацтва ў Сафіі (1952). Працаваў асістэнтам рэжысёра і акцёрам на Студыі маст. фільмаў (Сафія). З 1958 выступае як рэжысёр: «Першы ўрок» (1960), «Сонца і цень» (1962), «Інспектар і ноч» (1963), «Ваўчыца» (1965), «З каханнем і пяшчотай» (1978), «Апошнія жаданні» (1983). Яго фільмы вызначаюцца псіхал. глыбінёй, паэтычнасцю, іх пафас накіраваны на сцвярджэнне права чалавека на мір, шчасце, каханне.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РГА

(Verga) Джавані (31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),

італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.

Тв.:

Рус. пер. — Семья Малаволья. Л., 1936;

Драмы. М.; Л., 1941;

Новеллы. М., 1957;

Мастро дон Джезуальдо. Л., 1980.

Літ.:

Джованни Верга: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)