мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯ́Н ((Vian) Барыс) (10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),
французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.
Тв.:
Бел.пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;
Женщинам не понять. СПб., 1993;
Пена дней. Л., 1994;
Мурашки. М., 1994;
Сердцедер. М., 1994.
Літ.:
Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.