НІВЕЛІ́Р (ад франц. niveler выраўноўваць),

геадэзічная прылада для вызначэння перавышэнняў пры геаметрычным нівеліраванні. Паводле дакладнасці Н. падзяляюць на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Канструктыўна адрозніваюць Н. оптыка-мех. і лазерныя. Асн. ч. оптыка-механічных Н. — зрокавая труба, цыліндрычны ватэрпас (аптычны кампенсатар) для прывядзення візірнай восі ў гарыз. становішча і падстаўка. Лазерныя Н. дадаткова маюць аптычны квантавы генератар, які выпрацоўвае візірны лазерны прамень. Існуюць таксама Н. з аўтам. апрацоўкай інфармацыі на ЭВМ. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.

П.​П.​Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́Ж (ад франц. montage пад’ём, устаноўка, зборка),

зборка і злучэнне частак (вузлоў, элементаў) у адзінае цэлае, іх устаноўка, замацаванне, наладка.

М. будаўнічых канструкцый уключае злучэнне элементаў (канструкцый) заводскага вырабу, іх пад’ём, перамяшчэнне да месца ўстаноўкі, навядзенне і ўстаноўку ў праектнае становішча. Робіцца з дапамогай буд.-мантажных кранаў (гл. Пад’ёмны кран) і мантажных прыстасаванняў. М. абсталявання ўключае ўстаноўку ў праектнае становішча і замацаванне тэхнал. абсталявання, далучэнне да яго камунікацый, што забяспечваюць падачу электраэнергіі, сыравіны, вады, пары, сціснутага паветра, сродкаў кантролю і аўтаматыкі, наладку і ўвод у эксплуатацыю. Робіцца звычайна спец. мантажнымі арг-цыямі або заводамі-вытворцамі абсталявання. М. электроннай апаратурыасн. працэс зборкі апаратуры з асобных электра- і радыёэлементаў, электраізалюючых дэталей, нясучых канструкцый (шасі, платы) і злучальных правадоў.

Інструменты і прыстасаванні для мантажу зборных канструкцый. 1 — лом; 2 — скрабалка; 3 — прыстасаванне для развароту калон; 4 — прычальная скаба: 5 — гайкавёрт; 6 — электрагерметызатар; 7 — рэйка-адвес; 8 — вадзяны гнуткі ватэрпас; 9 — мантажная люлька; 10 — перасоўныя рыштаванні.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15—10 у бусолі да 0,5 у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн. ч. камплекта для тапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Геадэзічныя прылады і інструменты: 1 — аптычны тэадаліт Т-2; 2 — кіпрэгель; 3 — нівелір, 4 — экліметр.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)