ВАСТРЫ́ЦА
(Asperugo),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн. Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.
Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.
т. 4, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЎРО́З,
інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦЫ
(Enterobius),
род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.
Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.
т. 4, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)