марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл.Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБЛО́Н (ад ням. Schablone узор),
1) узор, па якім надаюць вырабам пэўную форму і памеры, праводзяць крывыя лініі на чарцяжах. Бывае ў выглядзе пласціны з выразам, абрыс якога адпавядае контуру чарцяжа або вырабу, літары, лічбы і г.д.; выкарыстоўваецца для вычэрчвання дэталей, надпісаў і інш. 2) Інструмент для вызначэння шагу стандартных рэзьбаў (разьбовы Ш.), праверкі радыусаў крывізны паверхняў (радыусны Ш), профілю дэталі (профільны Ш.), памераў зубоў зубчастых колаў і інш. 3) Вымяральны інструмент для кантролю складаных профіляў — нармальны калібр.
4) Чарцёж арх., буд. і інш. дэталі, выкананы ў натуральную велічыню.
5) Варштат, на якім збіраюць стандартныя буд. дэталі.
6) Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЕ́РСТВА,
адзін з відаў дрэваапрацоўчых рамёстваў, вытворчасць сталярных вырабаў у многіх народаў свету. Спалучалася з цяслярствам (дойлідствам). Аднак характар працы, складанасць рамеснай тэхнікі, разнастайная наменклатура вырабаў вылучылі С. ў самаст. рамяство. С. было звязана з апрацоўкай малагабарытных форм (гл.Сталярныя работы) і выкарыстоўвалася на завяршальнай стадыі будаўніцтва (аздабленне жылля і культавых пабудоў, асада вокнаў і дзвярэй, выраб абсталявання і прадметаў інтэр’ера — аконных рам, дзвярэй, мэблі, іканастасаў, хатняга начыння і інш.). С. грунтавалася на трывалых вытв. традыцыях, дасканалым веданні тэхнал. якасцей мясц. драўніны, патрабавала рознабаковых навыкаў і валодання тыпалагічна разнастайнымі дрэваапрацоўчымі інструментамі і прыстасаваннямі (гл.Сталярна-цяслярскі інструмент). На Беларусі неабходным прыстасаваннем майстра-сталяра быў варштат, які ставілі ў сенцах, адрыне або пад павеццю. Спец. памяшканне, абсталяванае пад майстэрню, часцей сустракалася ў гар. або местачковых сталяроў. Амаль у кожным панскім маёнтку былі майстэрні для аднаго або некалькіх сталяроў, якія былі прыпісаны да чэлядзі і часта працавалі на правах прыгонных майстроў. Нягледзячы на спецыялізацыю, што больш выразна назіралася ў гарадах і мястэчках, С. звычайна спалучалася і з інш. дрэваапрацоўчымі рамёствамі і з земляробствам. Многія сяляне, што валодалі сталярскімі навыкамі і вялі сваю гаспадарку, у парадку адбывання паншчыннай павіннасці прымалі ўдзел у будаўніцтве панскіх маёнткаў, цэркваў, мастоў і інш. С. насіла прыкметны сезонны (у асн. асенне-зімовы) характар. Майстры-сталяры працавалі звычайна ў адзіночку, некат. мелі вучняў ці падсобных работнікаў, якія працавалі па найме. У сярэдневякоўі важную ролю ў арганізацыі С. адыгрывалі цэхі. З ажыўленнем таварна-гандл. адносін і развіццём капіталіст. ўкладу адбываліся змены ў сац. структуры і характары С., якое з надомнага станавілася асобнай галіною вытворчасці. Нар. рамёствы паслужылі вытокамі развіцця сучасных галін дрэваапр. прам-сці — мэблевай, домабуд., лесапільнай, тарнай. Нягледзячы на агульнае скарачэнне, С. развіваецца ў выглядзе асобнага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́СНЫ,
ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб.стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.
К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.