Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Казімір) (1676—1752),
польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Жыў у вёсках Варонча і Ясянцы на Навагрудчыне. Пасол на сейм Рэчы Паспалітай (1722). Маршалак навагрудскі (1733), камісар гродзенскі (1738). Прыхільнік палітыкі Пятра I, у 1737 наведаў Пецярбург. Пісаў і на лац. мове. Апублікаваў у Пінску кампілятыўныя зб-кі «ўсякай усячыны» — «Публічныя забаўкі» (1743) і «Хатнія забаўкі» (1752; Супрасль, 1783), у якія апрача сваіх барочных вершаў уключыў прамовы, пасланні, эпітафіі, легенды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.
На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 31,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Карэлічы; г.п.Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.
Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс.га, з іх асушаных 15,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в.Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в.Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в.Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».