БУЙНІ́ЦКІ (Казімір Андрэевіч) (30.11.1788, в. Дагда Даўгаўпілскага р-на, Латвія — 14.7.1878),
пісьменнік, публіцыст, краязнавец. Ганаровы куратар школ Віцебскай губ. У 1842—49 выдаваў час. «Rubon» («Рубон»), супрацоўнічаў у час. «Tygodnik Petersburski» («Пецярбургскі штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум») і інш. Актыўны чл. Віленскай археал. камісіі. Садзейнічаў адкрыццю Віленскага музея старажытнасцей, якому перадаў сваю калекцыю знаходак з Падзвіння і матэрыялы апісання Зах. Дзвіны. Шмат вандраваў па Падзвінні, апісаў значную колькасць населеных пунктаў краю. Апубл. этнагр.-краязнаўчы нарыс «Падарожжа па малых дарогах» (т. 1—2, 1841), аповесці «Сястра Гертруда» (1842), «Новая вандроўка па малых дарогах» (т. 1—2, 1852), «Старая паненка» (1855), якія часткова засн. на бел. матэрыяле. Аўтар вершаванай «Камедыі», апавяданняў і вершаў на польск. мове.
Г.А.Каханоўскі.
т. 3, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІ́ЗМ,
слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).
П.У.Сцяцко.
т. 11, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)