Першыя драўляныя павільёны пасажырскага вакзала ў Мінску Лібава-Роменскай чыгункі (т.зв. Віленскі вакзал) пабудаваны ў 1871—74. У 1890 на іх месцы ўздоўж чыг. палатна ўзведзены мураваны 1-павярховы будынак. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складалася з цэнтр. аб’ёму з вестыбюлем, аперацыйнай залай і бакавых крылаў з заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Гал. ўваход цэнтр. часткі быў вылучаны 2-павярховымі рызалітамі з вежамі. Перад вакзалам сфарміравалася плошча, забудаваная 1—3-павярховымі дамамі; яе дамінантай была воданапорная вежа. У 1940 вакзал рэканструяваны (арх. І.Рачанік), над цэнтр. і бакавымі часткамі надбудаваны 2-і паверх. У кампазіцыі вылучалася больш высокая цэнтр. частка, трохвугольны франтон якой завяршаў вялікі арачны вітраж. Пластыку фасадаў па ўсім перыметры ўзбагачаў рытм пілястраў. Сцены, аздобленыя тынкоўкай пад руст, завяршаў развіты карніз. У Вял.Айч. вайну вакзал разбураны, у 1949 адноўлены. Вонкавае аблічча будынка захавана, часткова зменена планіроўка. У 1960-я г. па-новаму аформлены інтэр’еры. У 1955 пабудаваны павільён білетных кас (арх. С.Баткоўскі, Н.Шпігельман). У сярэдзіне 1950-х г. склалася сучасная забудова Прывакзальнай пл. (арх. Б.Рубаненка, Л.Галубоўскі, А.Карабельнікаў, Л.Усава, В.Герашчанка). У 1964 пабудаваны тунэль, праз які ажыццяўляецца выхад на пасадачныя платформы. З канца 1980-х г. вялася рэканструкцыя старых і новых будынкаў. У 1991 гал. корпус вакзала разбураны, узведзены новыя будынкі: шматпавярховы службова-адм. корпус і зала чакання для пасажыраў. У 2000 пабудаваны новы будынак вакзала (арх. В.Крамарэнка, М.Вінаградаў, канструктары Л.Валчэцкі, А.Бараноўскі). Кампазіцыя будынка лінейная, выцягнутая ўздоўж чыг. палатна. Яна злілася з ужо існуючымі будынкамі службова-адм. корпуса. Гал. элемент пабудовы — 5-павярховая цэнтр. частка з 2 падземнымі паверхамі. Сілуэт пірамідальнага купала, размешчанага над атрыумам (у ім — аперацыйна-размеркавальны вестыбюль), замыкае перспектыву вул. Кірава. Ад атрыума ўлева і ўправа разыходзяцца крылы вакзала, якія кампазіцыйна пабудаваны паводле прынцыпу кансольнага навісання верхніх паверхаў над ніжнімі. У функцыян. схеме гал. корпуса прадугледжана падоўжная кампазіцыйная вось са шклянымі ліхтарамі верхняга святла, якія асвятляюць пасажы са шматлікімі памяшканнямі для сервіснай абслугі пасажыраў. Да іх прылягаюць асн. памяшканні: касавыя вестыбюлі, залы і зоны чакання, інфармацыйна-даведачная служба, а таксама пошта, ашчадны банк, блок харчавання з барамі, кафэ, рэстаранам, інтэрнет- і відэазаламі, камфартабельны блок для пасажыраў з дзецьмі і інш. Сувязь паміж усімі ўзроўнямі гал. корпуса ажыццяўляецца пры дапамозе ліфтаў і эскалатараў, а з перонам — пры дапамозе тэрмінала. Стваральнікі будынка новага вакзала атрымалі Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003.
В.М.Чарнатаў.
Мінскія чыгуначныя вакзалы. Новы вакзал. Фота 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзалы ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКІН Аляксандр Георгіевіч (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),
расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.Шаранговіч.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978;
Севастополь;
Падение Даира;
Вокзалы. Куйбышев, 1988;
Люди из захолустья. М., 1988.
Літ.:
Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛІК Навум Зіноўевіч (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая ажыццяўляе будаванне і рэканструкцыю аб’ектаў чыг., аўтамаб., воднага, паветр., трубаправоднага транспарту; уключае буд-ва земляных палотнаў чыгунак і аўтадарог, верхняй будовы дарог, пуцеправодаў, установак электрыфікацыі, аўтаматыкі і тэлемеханікі чыгункі, дарожных і аэрадромных пакрыццяў, мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў, прычалаў рачных партоў, каналаў, магістральных нафта- і газаправодаў, вакзалаў, дэпо, службова-тэхн. і інш.трансп. будынкаў.
На Беларусі вядзецца з канца 18 — пач. 19 ст., калі былі пабудаваны Агінскі канал (1783), Бярэзінская водная сістэма (1805), Аўгустоўскі канал (1839), Дняпроўска-Бугскі канал (1848). Да 1913 пракладзена значная працягласць чыг. і гужавых дарог, будаваліся вакзалы, рачныя прычалы. Працягласць чыгункі ў 1913 складала 3,81 тыс.км, у т. л.чыг. магістралі Смаленск—Мінск—Брэст (1871), Бранск—Брэст (1887), Роўна—Вільня (1885) і інш. Пабудаваны вакзалы: Віленскі ў Мінску (1874), Віцебскі і Гродзенскі (1866—67), Брэсцкі (1886) і інш. Працягласць аўтадарог да 1913 складала 3,5 тыс.км. Да Вял.Айч. вайны ў БССР пабудавана больш як 1000 кмчыг. ліній, у т. л. Асіповічы—Магілёў—Крычаў—Шасцёраўка—Орша—Лепель, Навабеліца—Чарнігаў; рэканструяваны чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк, Гомель, Жлобін і інш., а таксама Баранавічы і Ліда. У 1939—40 перабудаваны чыг. лініі зах. абласцей на адзіную ў СССР каляю. Будаваліся новыя чыг.вакзалы, дэпо, Гомельскі рачны порт, Сожская шлюзавая сістэма ў г. Крычаў, прыстані ў Жлобіне (на Дняпры), Пхове (на Прыпяці), Чэпіне (на Зах. Дзвіне) і інш. У 1933 адкрыты Мінскі аэравакзал. У 1930-я г. пабудаваны шашэйныя дарогі працягласцю 1236 км, у т. л. Мінск—Магілёў і Мінск—Орша. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі разбурана больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, большасць чыг. і аўтамаб. мастоў, 50% чыг. вакзалаў і г.д. У пасляваен. гады старыя трансп. аб’екты адноўлены і рэканструяваны, пабудавана шмат новых вакзалаў, у т. л. ў Баранавічах (1947), Гродне і Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953), Брэсце (1956) і інш. Сучасная (2001) сетка чыг. ліній Рэспублікі Беларусь складае 5,5 тыс.км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Першы электрыфікаваны ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы дзейнічае з 1963. У 1989 электрыфікавана ўся лінія Брэст—Масква. У 2000 уведзена першая чарга новага будынка вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. На 1.1.2001 працягласць аўтадарог агульнага карыстання складала 74,4 тыс.км, у т. л. 66,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. На дарогах пабудавана 4245 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю больш за 160 км. Самы доўгі мост на Беларусі (929 м) пабудаваны ў 1991 цераз Прыпяць каля Мазыра. У 2002 заканчваецца рэканструкцыя шасціпалоснай Мінскай кальцавой аўтамаб. дарогі (56,4 км), на якой пабудаваны 34 масты і пуцеправоды агульнай працягласцю больш за 2 км. Па тэр. Беларусі праходзяць аўтамагістраліміжнар. значэння: Масква—Брэст, С.-Пецярбург—Адэса, Мінск—Вільнюс і інш. Пабудавана больш за 100 аўтастанцый, каля 40 аўтавакзалаў, у т. л. буйнейшыя — Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983) і Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (1999). Пабудаваны аэравакзалы ў Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Магілёве (1971), Гомелі (1976) і інш. Нацыянальны аэрапорт Мінск (1-я чарга ў 1993) і Брэсцкі аэравакзал (1986) адпавядаюць стандартам міжнар. класа. У 1984 здадзены ў эксплуатацыю першы ўчастак 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. На 1.1.2002 працягласць дзвюх ліній метрапалітэна складае 23,7 км. На іх размешчаны 20 станцый і адзін перасадачны вузел. З 1960 на Беларусі развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.2001 агульная працягласць магістральных газа-, нафта- і прадуктаправодаў складае больш за 10 тыс.км. Адначасова з буд-вам трубаправодаў будаваліся кампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, нафтаперапамповачныя станцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
асноўнае эксплуатацыйнае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, што ажыццяўляе прыём, адпраўленне, фарміраванне і расфарміраванне цягнікоў, абслугоўванне пасажыраў, прыём і выдачу грузаў; лінейнае падраздзяленне чыгункі. Да асн. збудаванняў і ўстройстваў Ч.с. адносяцца: станцыйныя пуці, чыгуначныя вакзалы і службова-тэхн. будынкі; платформы (пасажырскія і грузавыя, у т. л.апарэлі), склады, пагрузачна-разгрузачныя пляцоўкі і сродкі механізацыі работ (напр., краны розных тыпаў, аўтакары і электракары), пешаходныя масткі і тунэлі; прыстасаванні для тэхн. абслугоўвання лакаматываў і вагонаў (на буйных станцыях — лакаматыўныя і вагонныя дэпо); устройствы станцыйнай чыгуначнай сігналізацыі, блакіроўкі і сувязі (гл. таксама Аўтаблакіроўка). Паводле характару работы Ч.с. падзяляюцца на прамежкавыя, участковыя, сартавальныя, грузавыя і пасажырскія. Ч.с., размешчаныя на перасячэнні, злучэнні 2 ці больш чыг. ліній, утвараюць чыгуначны вузел. Паводле аб’ёму і складанасці работы адрозніваюць пазакласныя (з вял. аб’ёмам работы і высокім узроўнем тэхн. аснашчэння) і Ч.с. 1—5-га класаў. Назвы Ч.с. і схему іх размяшчэння на бел. чыгунцы гл. пры арт.Беларуская чыгунка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАРЭ́НКА Віктар Уладзіміравіч (н. 11.6.1945, г. Гродна),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (у 1983—88 гал. архітэктар). З 1990 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні, адначасова ў 1985—99 выкладаў у БПА. Асн. работы: лячэбны корпус санаторыя «Беларусь» у г. Друскінінкай (Літва; 1973), археал. музей «Старажытнае Бярэсце» на тэр. мемар. комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1978, абедзве ў сааўт.), будынак Магілёўскага т-ра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў г. Бабруйск (1977); у Мінску (у сааўт.) — кінатэатр «Масква», арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», навучальна-лабараторны корпус Ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі на праспекце Ф.Скарыны (1986), станцыя метро «Трактарны завод» (1990), комплекс новага чыгуначнага вакзала (гл. ў Дадатку Мінскія чыгуначныя вакзалы, 2000, з М.Вінаградавым; Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003), будынак Нац. б-кі (з Вінаградавым; будуецца з 2002); помнікі «Рудабельская рэспубліка» ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. (1984), Т.Шаўчэнку ў Мінску (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ БУДЫ́НКІ,
тыпалагічная разнавіднасць будынкаў, прызначаных для размяшчэння дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў сац. абслугоўвання насельніцтва. Паводле функцыян. прызначэння падзяляюцца на адм.-дзелавыя, грамадскіх арг-цый, устаноў фінансавання, крэдытавання, страхавання, сувязі, н.-д., праектных, канструктарскіх устаноў і арг-цый, навуч.-адукацыйныя, выхавання, аховы здароўя, спартыўныя збудаванні, культ.-асв. і відовішчныя, гандлю і быт. абслугоўвання, грамадскага харчавання, транспартныя, камунальныя, гасцініцы, культавыя збудаванні і інш. Паводле функцый могуць быць шматфункцыянальныя (грамадска-культ. цэнтры, палацы моладзі, дамы тэхнікі, спарт. цэнтры) і спецыялізаваныя (тэатральныя будынкі, музеяў і выставачных залаў будынкі, бібліятэкі), унікальныя, створаныя па індывід. праектах, і масавыя, паводле тыпавых (паўторных) праектаў.
Грамадскія будынкі вядомы з глыбокай старажытнасці. Найб. пашыраны былі культавыя збудаванні. У Стараж. Грэцыі і Рыме былі адм. будынкі (прытанеі, булеўтэрыі), спарт.-вучэбныя (гімнасіі, палестры, стадыі), т-ры, б-кі, тэрмы і інш. У перыяд феадалізму будаваліся ратушы, дамы цэхавых брацтваў, купецкіх гільдый; у эпоху капіталізму — офісы, біржы, камерц. банкі, крытыя рынкі, вакзалы, бальніцы, гандл. і выставачныя залы, клубы, у т. л. прыватныя. У СССР пабудаваны шматлікія грамадскія будынкі шырокай наменклатуры. Грамадскія будынкі маюць вял. горадабудаўнічае значэнне ў фарміраванні грамадскіх цэнтраў гарадоў і сельскіх нас. пунктаў, іх арх.-маст. аблічча.
На Беларусі ў ліку буйнейшых грамадскіх будынкаў: у Мінску Дом урада Рэспублікі Беларусь, рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1939—47, арх. А.П.Воінаў, У.Вараксін), будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Дом афіцэраў, гар. Універмаг (1951), Мінскі галоўны паштамт, Мінскі палац спорту, ЭКСПА-цэнтр (павільён міжнар. выставак; 1988), вучэбна-лабараторныя карпусы Мінскага мед. ін-та (1980), Бел.політэхн. акадэміі (1982), Дом літаратара (1976); у Брэсце Брэсцкі аэравакзал; у Віцебску вучэбна-лабараторны корпус мед. ін-та (1981); у Гомелі Гомельскі лёгкаатлетычны манеж; у Гродне абл.драм.т-р (1984); у Магілёве Магілёўскі Дом Саветаў (1937—39); у Бабруйску Магілёўскі абл.т-р драмы і камедыі (1978), вялікія грамадскія будынкі ў Баранавічах, Барысаве, Оршы, Маладзечне, Пінску, Салігорску, Светлагорску, Наваполацку, у сельскіх нас. пунктах.
Літ.:
Орловский Б.Я., Сербинович П.П. Архитектура гражданских и промышленных зданий: Обществ. здания. М., 1978;
Страмцова Т.С. Проектирование и строительство жилых и общественных зданий в Белоруссии. Мн., 1965;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии: (советский период). Мн., 1975;
Филимонов С.Д. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НКА,
комплекснае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў паяздамі па чыгуначным пуці; у вузкім сэнсе — рэйкавая дарога для руху паяздоў. Адрозніваюць Ч. магістральныя (агульнага карыстання), прамысловага транспарту (пад’язныя пуці прадпрыемстваў, лесавозныя, руднічныя, заводскія і інш.), гарадскія наземныя (трамвай) і падземныя (метрапалітэн); шырокакалейныя (у краінах СНД 1520 мм, за мяжой пераважна 1435 мм, у асобных краінах 1676 мм) і вузкакалейныя (1000, 914, 891, 750 мм і інш.). Рухомы састаў Ч. складаецца з лакаматываў і вагонаў; на сучасных чыгунках выкарыстоўваецца пераважна цеплавозная і эл. цяга, часам (пераважна на прамысл. транспарце) маторная цяга (цеплавозы, электравозы, газатурбавозы, дызель-паязды, матавозы).
Правобразам Ч. былі рэйкавыя (драўляныя, каменныя) каляіны, па якіх у старажытнасці перамяшчалі цяжкія грузы. З 15 ст. на рудніках Англіі і Ірландыі, а пазней у Францыі і Расіі выкарыстоўваліся дарогі з чыгуннымі рэйкамі, з коннай і канатнай цягай. Першая Ч. з паравой цягай (ад паравоза) пабудавана ў 1825 Дж.Стэфенсанам у Англіі (Дарлінгтан—Стоктан, працягласць 21 км); у Расіі ў 1837 (С.-Пецярбург—Царскае Сяло, 27 км). У 1851 закончана буд-ва 2-калейнай магістралі Пецярбург—Масква. Праз тэр. Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. пракладзены ўчасткі: у 1862 Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай мяжы з Польшчай (як ч.Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі), у 1866—69 Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Пачаткам развіцця Беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі была пабудавана магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 1891—1904 праведзена Ч. ад Чэлябінска да Уладзівастока. У канцы 19 ст. пачалі фарміравацца чыгуначныя вузлы, стварацца горкі сартавальныя. Электрыфікацыя Ч. пачалася ў 1926.
Укладка чыг. пуці робіцца пуцеўкладчыкамі, рамонт і абслугоўванне — пуцявымі машынамі. Чыг. гаспадарка складаецца з лінейных падраздзяленняў — аддзяленняў, дыстанцый, дэпо, чыгуначных станцый і інш. Галіновыя службы Ч.: служба руху, пасажырская, грузавая, лакаматыўнай гаспадаркі, сігналізацыі і сувязі, энергагаспадаркі і інш.Асн.тэхн. сродкі Ч.: чыг. пуць (2 чыг.каляіны з чыг.рэек, земляное палатно, чыгуначныя масты, тунэлі і інш.), рухомы састаў, цягавыя падстанцыі, кантактавыя сеткі, чыгуначная сігналізацыя і сувязь, чыгуначная аўтаматыка і тэлемеханіка) (у т. л.аўтаблакіроўка, аўтадыспетчар, аўтастоп, аўтасчэпка), збудаванні і ўстройствы для тэхн. агляду і рамонту рухомага саставу, фарміравання паяздоў, збудаванні і абсталяванне для абслугоўвання пасажыраў, грузавых, паштовых і багажных аперацый (чыгуначныя вакзалы, платформы, майстэрні, склады). Скорасць руху паяздоў на звычайных магістральных лініях 60 км/гадз, на скарасных участках 120—160 км/гадз, на высокаскарасных 200 км/гадз і больш.
Літ.:
Железные дороги. М., 1981;
Железная дорога Беларуси: История и современность. Мн., 2001.
І.І.Леановіч.
Чыгунка: 1 — таварны паравоз серыі В Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (пабудаваны Каломенскім заводам у 1871—72); 2 — чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Віленскі, 1891; 3 — грузавы двухсекцыйны цеплавоз ТЭЗ; 4 — аўтаматрыса АС1А; 5 — пасажырскі электравоз пераменнага току ЧС-4Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГА (Riga),
горад, сталіца Латвіі. Размешчана на берагах р. Даўгава (Зах. Дзвіна), пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў Балт. мора. Нас. каля 1 млн.ж. (1999). Індустр., навук. і культ. цэнтр; буйны трансп. вузел: рачны і марскі порт, 6 чыг. ліній, 4 аўтамаб. шашы, 2 аэрапорты. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная (ВА ВЭФ, «Радыётэхніка», «Камутатар»; з-ды электрамаш.-буд., электралямпавы і інш.; з-ды дызелебуд., вагонабуд., мотазавод, прамысл. робатаў, «Рыгахіммаш», «Рыгасельмаш», тэкст. абсталявання), харч. (мясакансервавы і малочны камбінаты, сардзінавы з-д, кандытарскія ф-кі), хім. (лакафарбавыя матэрыялы, прадметы быт. хіміі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр., шкляная, фарфоравая, парфумерна-касметычная (з-д «Дзінтарс»), тэкст. (баваўняны і шаўкаткацкі камбінаты, панчошна-шкарпэткавая ф-ка), швейная, буд. матэрыялаў. Суднабудаванне і суднарамонт. Вытв-сцьмуз. інструментаў. База тралавага і рэфрыжэратарнага флоту, буйны цэнтр рыбаперапрацоўкі. Рыжская ГЭС на р. Даўгава. Латв.АН. 7 ВНУ, у т. л. Латвійскі нац.ун-т, Ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі, Акадэмія мастацтваў. Кансерваторыя. 26 музеяў: мастацкі, гісторыі Латвіі, гісторыі горада, мараходства, гісторыі медыцыны, прыроды, замежнага мастацтва, этнаграфічны пад адкрытым небам і інш. 9 тэатраў (оперы і балета, драмы, мастацкі, рус. драмы, юнага гледача і інш.). Турызм.
Узнікла на месцы стараж. паселішча ліваў. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца з 1198, як горад і гал. апора ням. каланізацыі ў Прыбалтыцы з 1201. У 1211 атрымала значныя прывілеі. Да 1274 пад уладай рыжскага архіепіскапа. У 1282 увайшла ў Ганзу, адзін з буйнейшых гандл. цэнтраў. У 1329—30 падначалена крыжакам Лівонскага ордэна. У 1524 у Р. ўведзена лютэранства. У час Лівонскай вайны 1558—83 з 1561 вольны горад, з 1581 залежны ад Рэчы Паспалітай. У 1621 Р. захоплена шведамі, якія ўмацавалі яе, пабудавалі вакол высокія валы і бастыёны. У 1656 была абложана рускімі, у 1700 — польскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 занята рус. войскамі (1710). З 1714 цэнтр Рыжскай, з 1796 Ліфляндскай губ.Рас. імперыі. У канцы 18 ст. Р. — буйны порт і гандл. цэнтр, з канца 19 ст. — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Расіі. У 1-ю сусв. вайну Р. — прыфрантавы горад. У жн. 1917 занята герм. войскамі, вызвалена ў 1919 латышскімі стралкамі. З 1919 Р. — сталіца Латв. рэспублікі (у 1940—91 Латв. ССР). Месца падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1941) ням.-фаш. войскамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Остланд». У канцы 1941 у горадзе адбываліся масавыя расстрэлы яўр. насельніцтва (у т. л. загінуў гісторык С.М.Дубноў). Вызвалена сав. войскамі ў кастр. 1944. Пра беларусаў у Р. гл. раздзел Беларусы ў Латвіі ў арт.Латвія.
На правым беразе р. Даўгава размешчаны Стары горад з вузкімі вуліцамі і Новы горад, падзеленыя садова-паркавым паўкальцом. У Старым горадзе захаваліся фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў (Парахавая, або Пясочная вежа, згадваецца ў 1330, перабудавана ў 1650, 1892, 1938—40), рамана-гатычныя Рыжскі Домскі сабор і царква св. Екаба (13 ст., перабудавана ў 14 і 18 ст.), цэрквы — гатычная св. Петэра (13 — пач. 14 ст., перабудавана ў 14—15 ст., барочны зах. фасад — 1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), познагатычная — Яня (згадваецца ў 1297, перабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст.), замак магістра Лівонскага ордэна (1330, перабудаваны ў 1497—1515, 17—19 ст.), т.зв. дом Рэйтэрна (1685, арх. Біндэншу), класіцыстычныя царква Пятра і Паўла (1780—86, арх. С.Зеге і К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз (1828—30, арх. Ю.Шпацыр) і інш. У Новым горадзе пераважаюць 5—6-павярховыя дамы (суцэльная забудова бульвара Райніса, вул. Меркеля і інш., 1870—80-я г.) і парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі і ў стылях мадэрн (Маст. музей, 1905, арх. В.Нейман), неакласіцызму (Палац юстыцыі, 1936—38, арх. Ф.Скуінь). Левабярэжжа забудоўвалася з 18 ст. Цяпер гэта азялененая тэр. з прамысл. зонамі і разрэджанай жылой забудовай (Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль, Э.Якабсанс). На ўскраінах Р. да жылых масіваў прылягаюць вял. лесапаркі са свабоднай прасторавай кампазіцыяй (Межапарк на беразе воз. Кішэзерс; Вял. пеўчая эстрада, 1955, арх. У.Шнітнікаў, Г.Ірбітэ і інш.). У пасляваен. гады створаны новыя трансп. магістралі, плошчы, скверы, паркі, рэканструяваны набярэжныя, адноўлены або пабудаваны масты цераз Даўгаву. Сярод найб. значных пабудоў вышынны будынак АН Латвіі (1950—57, арх. В.Апсітыс, О.Тылманіс і інш.), вакзалы — чыг. (1957—66, арх. У.Кузняцоў, В.Цыпулін), марскі (1963—65, арх. М.Гелзіс, В.Савіска), аэравакзал (1970—74, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), Палац спорту (1970, арх. Б.Бурчыка, А.Краукліс і інш.). Помнікі: ансамбль Брацкіх могілак (1924—36, скульпт. К.Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.), Свабоды (1931—35, скульпт. Зале, арх. Э.Шталберг), Я.Райнісу на могілках (1934, скульпт. К.Земдэга, арх. П.Арэнд), А.Калніньшу (1979, скульпт. Т.Залькалнс, арх. І.Батраг) і інш. Старая ч. Р. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. таксама да арт.Латвія.
Горад Рыга.Рыга. Фрагмент Ратушнай плошчы.Рыга. Замак магістра Лівонскага ордэна.