Вакаліз 2/561

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),

1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.

2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.​Равеля, «Вакаліз» С.​Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.​Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.​Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.​Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.​Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакалізы ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.​Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.​Шастаковіча Л.​Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.​Глебава і інш.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬФЕ́ДЖЫО, сальфеджа (італьян. solfeggio ад назвы муз. гукаў соль і фа),

1) тое, што сальмізацыя.

2) Вучэбная дысцыпліна, прызначаная для развіцця муз. слыху і памяці. Уключае сальфеджыраванне (адна- ці шматгалосыя спевы з вымаўленнем назваў гукаў), муз. дыктант, аналіз на слых; існуюць абсалютная (фіксаваная до), рэлятыўная і лічбавая сістэмы С.

3) Зборнікі практыкаванняў для адна- ці шматгалосага сальфеджыравання ці аналізу на слых.

4) Спец. вак. практыкаванні для развіцця голасу (гл. Вакаліз).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВЯЛЕ́ВІЧ Віктар Васілевіч (н. 4.6.1946, г. Самарканд, Узбекістан),

бел. рэжысёр кіно і тэлебачання. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). З 1968 на тэлебачанні. Паставіў фільмы: дакумент. «Вакаліз» (1971), «Крыніца» (1974, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Дубліне, 1974), «Тварам да вас» (1978, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1979), «Стварэнне» (1980), «Бацькоўскі дом» (1982), «Хатынь» (1985), «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Галасушка» (1989), «Адхланне» (1992), «Уладар» (1993), «Славянскія танцы», «Валянцінаў дзень» (абодва 1994), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997, прэмія Міжнар. кінафестывалю «Залаты віцязь», Масква, 1997), «Дабро твары» (1998), «Час будаваць храмы» (2001); маст. «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994—95); фільмы-спектаклі «Пачакай, затрымайся» (1981), «Пагарэльцы» (1988), «Князь Вітаўт» (1998); фільмы-балеты «Карміна-Бурана» (1990), «Шчаўкунок» (1992), «Спартак» (1993), «Страсці» («Рагнеда», 1996) і інш.

В.​А.​Мядзведзева.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛІЁВІЧ Леў Майсеевіч (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.

Тв.:

4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф. арк.;

канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.​Шастаковіча (1976) з сімф. арк.;

арыя для скрыпкі і камернага арк.;

санаты;

фп. цыкл «Фрэскі»;

паэма для голасу з фп.;

зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Ф.​Цютчава, Р.​Бёрнса, А.​Пушкіна;

«Партызанскія балады» на вершы А.​Астрэйкі, М.​Танка, У.​Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;

хары, песні, музыка да радыёспектакляў.

Літ.:

Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.

Р.​М.​Аладава.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)