ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),

грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ. псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.

В.​У.​Скалабан.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Петраградзе,

згуртаванне бел. інтэлігенцыі. Існавала з кастр. 1918 да 1920. Створана Петраградскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага камісарыята і бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэта: спрыяць развіццю навукі, культуры і нар. гаспадаркі Беларусі. За аснову прыняты статут Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве з дапаўненнем задач эканам. характару. Падрыхтаваны зварот «Да вывучэння Беларусі». Старшыня праўлення — Я.​С.​Канчар, у т-ва ўваходзілі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, праф. П.​М.​Жуковіч (ганаровыя члены), М.​М.​Аўсяны, А.​Ц.​Вазіла, П.​І.​Міклашэўскі, М.​М.​Сабалеўскі, А.​К.​Сержпутоўскі і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)