Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КША (яп. дзінрыкіся, ад дзін чалавек + рыкі сіла + ся вазок),
чалавек, які перавозіць пасажыраў, запрогшыся ў лёгкую двухколавую каляску; таксама ў Японіі (з 1867) і некат. краінах Усх. і Паўд. Азіі, у Паўд.Афр. Рэспубліцы назва каляскі, якая з 1930-х г. мадыфікавана ў веласіпед-каляску (педыкеб).