Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗЕЛІ́Н [франц. vaseline ад ням. Was(ser) вада + грэч. elaion аліўкавы алей],
аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафін, цэрэзін, петралатум). Мазепадобная белая маса, шчыльн. 870—885 кг/м³, tпл 35—60 °C. Атрымліваюць расплаўленнем вуглевадародаў у масле з далейшай ачысткай сернай к-той і адбельвальнай глінай. Выкарыстоўваюць у медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы, у тэхніцы для кансервацыі металавырабаў, як змякчальнік гумы.
т. 3, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)