БІЯТЫ́Т
(ад прозвішча франц. вучонага Ж.Б.Біо),
мінерал класа сілікатаў з групы слюдаў, K(Mg,Fe)3[AlSi3O10](OH,Fe)2. Мае шмат розных прымесяў. Высокажалезісты біятыт наз. лепідамеланам, магнезіяльны — флагапітам.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя, лускаватыя. Колер чорны, карычневы, буры. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2,7—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал вывергнутых і метамарфічных горных парод; у пегматытах бываюць крышталі пл. да 7 м². У асадкавых пародах Беларусі трапляецца ўсюды. Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод аргонавым і стронцыевым метадамі, вытв-сці змазак, бронзавай фарбы, электраізаляцыйных матэрыялаў, дэкар. цэменту, у аптычным прыладабудаванні.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЭЗІ́Т,
кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.
т. 1, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЙС
(ням. Gneis),
горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб. стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.
т. 5, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БРА
(італьян. gabbro),
магматычная інтрузіўная горная парода асноўнага саставу; глыбінны аналаг базальту. Складаецца з асн. плагіяклазу, манакліннага, радзей рамбічнага піраксену, алівіну або рагавой падманкі. Другарадныя мінералы: біятыт, нефелін, тытанамагнетыт і інш. Акцэсарныя мінералы: апатыт, пірацін, храміт, сфен і інш. Разнавіднасці: алівінавае габра, нарыт (габра з рамбічным піраксенам), лабрадарыт і г.д. Раўнамерназярністая горная парода са спецыфічнай габравай структурай. Шчыльн. 2800—3200 кг/м³; трываласць на сцісканне 80—360 МПа. З інтрузіямі габра звязаны радовішчы магнетыту, тытанамагнетыту, сульфідаў нікелю, медзі і інш. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і штучны камень, друз у буд-ве. На Беларусі габра вядомыя ў архейскім і ніжнепратэразойскім комплексах парод крышт. фундамента.
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т
(італьян. granito літар. зярністы),
магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)