Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРАКО́ВА (Зінаіда Яўгенаўна) (12.12.1884, с. Няскучнае Курскай вобл., Расія — 19.9.1967),
рускі жывапісец. Дачка Я.А.Лансерэ. Вучылася ў Пецярбургу ў школе-майстэрні кн. М.К.Ценішавай (з 1902) і ў майстэрні В.Э.Браза (1903—05). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». З 1924 жыла ў Парыжы. Аўтар партрэтаў ню, кампазіцый, прысвечаных жыццю рус. вёскі, у якіх імкнулася да стварэння ідэальна прыгожых, гарманічных жаночых вобразаў. Жывапіснай манеры ўласцівы дэкаратыўнасць, ураўнаважанасць кампазіцыі, дакладнасць малюнка, лаканічны характар пісьма: «За туалетам. Аўтапартрэт» (1909), «У лазні» (1913), «За сняданкам» (1914), «Жніво» (1915), «Бяленне палатна» (1917), аўтапартрэт (1922), «Калівур. Каця на тэрасе» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬВАННЕ,
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.