САДЫ́ЗМ.

алгалагнія, палавая ненармальнасць, пры якой палавое задавальненне дасягаецца ў працэсе прычынення партнёру фіз. або псіхічных пакут. Назва ад імя франц. пісьменніка маркіза дэ Сада, — аўтара раманаў на тэму сексуальных адхіленняў. У пераносным сэнсе С. — бязлітаснасць, жорсткасць, асалода ад чужых пакут.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТРО́Я», «Гісторыя траянскай вайны», «Аповесць пра Трою». помнік бел. літаратуры 15 ст.; гіст. перакладная аповесць пра падзеі легендарнай Траянскай вайны. Асн. змест твора грунтуецца не на «Іліядзе» Гамера, а на больш позняй апрацоўцы нар. паданняў, якая ў ант. эпоху прыпісвалася грэку Дыктысу і траянцу Дарэсу (Дарэту) і выдавалася за ўспаміны сапр. удзельнікаў вайны. Паслужыла крыніцай для шматлікіх літ. апрацовак. У 15 ст. ўсх. славянам праз паўд.-слав. пасрэдніцтва стала вядома т.зв. «Прытча пра каралёў» з візант. хронікі 12 ст. Канстанціна Манасіі, у канцы 15 ст. перакладзеная на бел. мову. У ёй апісваюцца гісторыя заснавання Троі, незвычайнае жыццё траянскага царэвіча Парыса (у бел. тэксце — Фарыжа), сцісла выкладаецца фальклорна-паэтычная версія прычын узнікнення Траянскай вайны. Асн. месца ў «Т.» займае апавяданне пра падзеі апошняга года вайны, якая скончылася смерцю гал. герояў і разбурэннем Троі. Падзеі ў творы асвятляюцца з гуманістычных пазіцый (асуджаецца неапраўданая жорсткасць на вайне, бязлітаснасць да пераможаных), з глыбокім спачуваннем аўтар ставіцца да трагічнага лёсу траянцаў і іх роднага горада. «Т.» карысталася значнай папулярнасцю сярод бел. чытачоў, яе і «Александрыю» згадвае Ф.​Скарына.

На Беларусі быў вядомы яшчэ адзін твор пра Траянскую вайну — рыцарскі раман італьянца Гвіда дэ Калумны «Гісторыя разбурэння Троі» (13 ст.). перакладзены на старабел. мову ў канцы 16—17 ст.

Публ.:

Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́ТЧАЎ Фёдар Іванавіч (5.12.1803, с. Аўстуг Бранскай вобл., Расія — 27.7.1873),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1821). З 1821 на службе ў Калегіі замежных спраў, з 1822 пры рас. дыпламат. місіях у Мюнхене, у 1837—39 у Турыне. У 1844 вярнуўся ў Расію. З 1848 старшы цэнзар у Мін-ве замежных спраў, з 1858 узначальваў К-т замежнай цэнзуры. Дэбютаваў у 1819 як перакладчык. Першая кніга вершаў выдадзена ў 1854, другая — у 1868. У філас. лірыцы — матывы трагічнай раздвоенасці душы, адзіноты і згубленасці ў сусвеце, тэмы «хаосу» і «бездані», прарочых адкрыццяў, бясследнасці жыцця, памяці і пакут. У вершах пра каханне, у т. л. ў «Дзянісьеўскім цыкле», аголеная бязлітаснасць самааналізу. У публіцыстыцы, схільнай да панславізму, знаходзіў сувязь паміж развіццём індывідуалізму і разбуральнымі рэв. працэсамі ў Еўропе (арт. «Расія і рэвалюцыя», 1849; «Папства і рымскае пытанне», 1850). Многія яго вершы пакладзены на музыку. Перакладаў творы Гарацыя, У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ і інш. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.​Вітка, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, И.​Макарэвіч, Ю.​Свірка, І.​Чыгрын і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1980;

Лирика. Т. 1—2. 2 изд. М., 1966;

Стихотворения. Письма. Воспоминания современников. М., 1988.

Літ.:

Озеров Л. Поэзия Тютчева. М., 1975;

Пигарев К. Ф.​И.​Тютчев и его время. М., 1978;

Григорьева А.Д. Слово в поэзии Тютчева. М., 1980;

Осповат А.Л. «Как слово наше отзовется...» М., 1980;

Королева И.А., Николаев А.А. Ф.​И.​Тютчев: Библиогр. указ. М., 1978.

Ф.І.Цютчаў.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЯ́ (Zola) Эміль (2.4.1840, Парыж — 29.9.1902),

французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.​Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.​Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.​Дрэйфуса (гл. Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.​Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел. пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—26. М., 1960—67.

Літ.:

Владимирова М.М. Романный цикл Э.​Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.

Т.​У.​Кавалёва.

Э.Заля.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДАМІ́РСКІ (сапр. Малейка) Уладзімір Іосіфавіч

(18.10.1893, г. Каўнас, Літва — 24.1.1971),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920 у Другім паказальным т-ры (г. Бабруйск). У 1924—59. у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1944 узначальваў франтавую тэатр. брыгаду). Прафес. майстэрства сфарміравалася пад уплывам рэжысёра Е.Міровіча. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, віртуознай тэхнікі, майстар пераўвасаблення. Псіхал. дакладнасць нюансіроўкі ўнутр. стану персанажа, кантрастнасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі — адзнакі творчай індывідуальнасці У. Даў арыгінальнае сцэн. прачытанне шэрагу вобразаў бел. драматургіі. Бязлітаснасць сатыр. выкрыцця, з’едлівая іронія і гратэск уласцівы яго Брызгаліну («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Абабурку («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Канягіну («Мілы чалавек» К.​Крапівы). Сілу пратэсту чалавека супраць сац. несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрываў у вобразах Леапольда Гушкі («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Данілы Дрыля і Гудовіча («Партызаны» і «З народам» К.​Крапівы), Язэпа («Салавей» З.​Бядулі), Блазна («Машэка» Міровіча). Вядомы як самабытны інтэрпрэтатар класічных вобразаў, пры стварэнні якіх карыстаўся героіка-рамант. фарбамі (Іонас — «Фландрыя» В.​Сарду), сатыр. (Апалон Мурзавецкі, Юсаў — «Ваўкі і авечкі», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), лірыка-камед. (Шмага, Гразноў — «Без віны вінаватыя» і «Праўда добра, а шчасце лепш» Астроўскага, Трыстан — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Найб. ярка яго талент выявіўся ў ролі Івана Каламійцава («Апошнія» М.​Горкага). Сац.-гіст. змест з філіграннасцю апрацоўкі знешняга аблічча раскрыўся ў ролях Івана Горлава, Часнака («Фронт», «У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Дыбава («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Сінь Бін-у («Браняносец 14—69» У.​Іванава). Інш. ролі: Цыганок («Гута» Р.​Кобеца), Мухін («Мост» Я.​Рамановіча), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Пугачоў («Капітанская дачка» паводле А.​Пушкіна), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Зняўся ў бел. кінафільмах «Хто смяецца апошнім» (1954) і «Палеская легенда» (1957).

Літ.:

Няфёд У.І. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Есакоў А. Любімы артыст (У.​І.​Уладамірскі) // Майстры беларускай сцэны Мн., 1960;

Бур’ян Б. Водгулле гучнай славы // Полымя. 1971. № 6;

Кузняцова К. Прызванне і лёс // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

У.І.Уладамірскі.
У.Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.

т. 16, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)