АБІСА́ЛЬ (ад грэч. abyssos бяздонны),

абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс. м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, Х.​Жычка, К.​Кірэенка, М.​Машара, С.​Шушкевіч і інш.

Тв.:

Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.

Літ.:

Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

Дж.Нейман.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІРО́ЎШЧЫК,

машына для планіроўкі (выраўноўвання) с.-г. зямель і адхонаў меліярац. каналаў. Бываюць прычапныя, паўпрычапныя і навясныя, доўга- і кароткабазавыя.

П.-выраўноўвальшчыкі прызначаны для паслойнай планіроўкі зямель пры буд-ве меліярац. сістэм, культуртэхнічных работах і інш. П. каўшовыя — для планіроўкі паверхні меліяраваных зямель зразаннем грунту на ўзвышэннях і перамяшчэннем яго ў паніжэнні; бываюць з мех., гідраўл. і электрагідраўл. прыводам, з капірнай і бескапірнай сістэмамі аўтаматыкі, рабочы орган — бяздонны коўш. П. адхонаў — навясныя рабочыя органы да трактароў. П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння робяць планіроўку, рыхленне і прыкочванне паверхняў адхонаў перад гідрасяўбой траў, навешваюцца на каналаачышчальнік; П. пасіўнага дзеяння выпускаюцца як зменныя рабочыя органы да бульдозераў.

На Беларусі выкарыстоўваюцца П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння і паўпрычапныя каўшовыя П. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (умяшчальнасць каўша 3,5 м³).

В.​М.​Кандрацьеў.

Планіроўшчыкі: а — многаадвальны (1 — колавыя цялежкі, 2 — гідрацыліндры кіравання, 3 — адвалы); б — каўшовы (1 — колавыя цялежкі, 2 — планіравальныя элементы, 3 — гідрацыліндры кіравання, 4 — адвал); в — кароткабазавы канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — рама навясная, 2 — апора, 3 — коўш, 4 — колавая цялежка).

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)