БУДРА́ЙЦІС
(udraitis) Юозас (н. 6.10.1940, г. Ліпінай, Літва),
літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі ун-т (1977), Вышэйшыя кінарэжысёрскія курсы ў Маскве (1979).
З 1979 у Каўнаскім драм. т-ры. Сярод роляў: Сольнес («Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена), Шарунас («Шарунас» В.Крэве), Герэя («Калігула» А.Камю). З 1965 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Шчыт і меч», «Чэрвень, пачатак лета», «Рудабельская рэспубліка», «Гэта салодкае слова — свабода», «Блакада», «Багач, бядняк», «Споведзь яго жонкі» і інш. Створаныя ім характары адметныя натуральнасцю, стрыманасцю, псіхал. глыбінёй.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС
(Adomaitis) Рэгімантас (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)