ЛАНУ́ ((Lanoux) Арман) (24.10.1913, Парыж — 23.3.1983),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў дэтэктыўным раманам «Забітая канадка» (1943). Аўтар антываен. і антыфаш. трылогіі «Шалёная Марго» (1956—63), дылогіі «Гісторыя Парыжскай камуны» (1971—72), раманаў «Пчаліны пастыр» (1974), «Бывай, жыццё, бывай, каханне» (1977, дакументальны). У манеры натуралізму напісаны нарысы «Фізіялогія Парыжа» (1954) і «Каханне дзевяцісотых гадоў» (1961). Аўтар паэт. зб-каў «Разносчык» (1952) і «Вобразы Эпіналя» (1969), раманізаваных біяграфій Э.​Заля, Г. дэ Мапасана, літ.-знаўчых прац. За раман «Калі мора адступае» (1963) Ганкураўская прэмія.

Тв.:

Рус. пер. — Когда море отступает. М., 1965;

Песочные замки: [Новеллы]. М., 1982.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЛА́ПАВА (Святлана Аляксандраўна) (н. 28.7.1956, г. Саратаў, Расія),

бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Саратаўскае харэаграфічнае вучылішча (1974). З 1974 салістка Дзярж. харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Выконвае сола ў шматлікіх пастаноўках (1-актовы балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэаграфічных мініяцюр «Бывай, XX стагоддзе!», фалькл. праграма «Добры вечар!» і інш.). Яе творчасці ўласцівы высокая тэхніка танца, пластычнасць, сцэн. тэмперамент.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАШО́НАК (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.​Стокера «Дракула», Г.​Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.​Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.​О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.​Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.​Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖКА (Віктар Іванавіч) (н. 28.7.1937, с. Кольгенфельд Растоўскай вобл., Расія),

расійскі кінасцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Укр. паліграф. ін-т (1961), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1968). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Добры дзень і бывай!» (1973), «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Багна» (абодва 1978, апошні з Р.​Чухраем), «Радня», «Палёты ў сне і наяве» (абодва 1982, за апошні Дзярж. прэмія СССР 1987), «Курачка Раба» (1994) і інш., у якіх узнімаюцца маральныя праблемы сучаснасці, узаемадзеяння грамадства і асобы. Яны адметныя спалучэннем драм., эксцэнтрычных і лірыка-камічных элементаў.

В.​А.​Войніч.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ (Галіна Ануфрыеўна) (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙТМА́ТАЎ (Чынгіз) (н. 12.12.1928, кішлак Шэкер Кіраўскага р-на, Кыргызстан),

кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Акад. АН Кыргызстана (1974). Скончыў Кіргізскі с.-г. ін-т (1953). У 1965—86 старшыня праўлення Саюза кінематаграфістаў Кыргызстана, з 1986 — Саюза пісьменнікаў Кыргызстана; адначасова з 1988 гал. рэдактар час. «Иностранная литература». З 1990 на дыпламат. службе. Вострыя этычныя і сац. праблемы сучаснасці, прасторавыя карціны дыялектычнай узаемасувязі свету і чалавека ўздымае ў аповесцях «Твар у твар» (1957), «Джаміля» (1958), «Таполька мая ў чырвонай касынцы», «Вярблюджае вока», «Першы настаўнік» (усе 1961), «Матчына поле» (1963), «Бывай, Гюльсары» (1966), «Белы параход» (1970), «Рабы сабака, які бяжыць уздоўж мора» (1977); у раманах «І вякуе дзень даўжэй за век» (асобн. выд. пад назвай «Буранны паўстанак», 1980), «Плаха» (1986), «Божая маці ў снягах» (1988). У творах спалучае псіхал. аналіз з традыцыямі фальклору, міфічнай вобразнасцю, імкнецца да жанру прытчы. Амаль усе яго творы экранізаваны. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1968, 1977, 1983. Літ. прэмія «Этрурыя» (Італія, 1980), міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру (1985). Правадзейны чл. Еўрап. акадэміі навук, мастацтваў і л-ры (1983), Сусв. акадэміі навук і мастацтваў (1987). На бел. мову творы Айтматава перакладалі І.​Сакалоўскі, С.​Міхальчук, М.​Стральцоў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1982—84;

Бел. пер. — Джаміля. Мн., 1962;

Бывай, Гюльсары! Мн., 1971;

Першы настаўнік. Мн., 1974;

Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век. Мн., 1987.

Літ.:

Базаров Г. Прикосновение к личности. 3 изд. Фрунзе, 1988;

Гачев Г. Чингиз Айтматов. Фрунзе, 1989;

Акматалиев А. Чингиз Айтматов и взаимосвязи литератур.Бишкек, 1991.

Ч.Айтматаў.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кі апавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.​Морыца «Выбух», 1984).

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЯВА́Я (Валянціна Іванаўна) (н. 22.7.1936, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу ВЦСПС у Ленінградзе (1965). З 1967 кіраўнік дзіцячай харэагр. студыі ў Магілёве, з 1973 балетмайстар Бел. філармоніі. З 1974 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар створанага ёю (з М.​Дудчанкам) бел. дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі». Пастаўленыя ёю бел. нар. танцы, вак.-харэагр. кампазіцыі, варыяцыі на тэмы гіст. абрадаў, гіст. балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэагр. мініяцюр «Бывай, 20 стагоддзе!», заснаваны на гар. фальклоры 19 ст., і інш. прывабліваюць спалучэннем нар. пластыкі з сучаснай экспрэсіяй; у іх адлюстраваны ўласныя назіранні балетмайстра над нар. абрадамі, танцамі, адзеннем у розных этнагр. рэгіёнах Беларусі. Паставіла танцы ў оперы «Новая зямля» Ю.​Семянякі (1982).

В.І.Гаявая.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНЕР (Эдзі) (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч (26.5.1910, Берлін — 8.8.1976),

джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Берліне (1929). Валодаў віртуознай ігрой на трубе. З 1933 кіраўнік створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 у Польшчы; працаваў у аркестры Ю.​Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. З 1939 у СССР. У 1940 кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 рэпрэсіраваны. У 1954 рэабілітаваны. Кіраваў эстр. аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам Гомельскай абл. філармоніі. З 1972 у Зах. Берліне. Аўтар шматлікіх папулярных песень, танц. мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне»). Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі.

Літ.:

Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998. №1—8;

Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54;

Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)