КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТЫЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле атам літыю, непасрэдна злучаны з атамам вугляроду.

У асн. Л.з. — цвёрдыя рэчывы. Бутыллітый C4H9Li і аліфатычныя Л.з. з 7—12 атамамі вугляроду ў малекуле — вязкія вадкасці. Аліфатычныя Л.з. добра раствараюцца ў вуглевадародах (акрамя метыллітыю CH3Li) і эфірах, араматычныя — толькі ў эфірах. Л.з. лёгка акісляюцца (напр., CH3Li у паветры самазагараецца), бурна ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, к-тамі, галагенамі. Паводле хім. уласцівасцей блізкія да рэактываў Грыньяра (гл. Грыньяра рэакцыя). Звычайна атрымліваюць узаемадзеяннем алкілбрамідаў ці алкілхларыдаў з метал. літыем у арган. растваральніку. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, у прам-сці — як каталізатары стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (напр., пры атрыманні бутадыенавых і ізапрэнавых каўчукоў).

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТЫЮ ЗЛУЧЭННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.

Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4 — крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТЫЙ (лац. Lithium),

Li, хімічны элемент I гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 3, ат. м. 6,941, адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​6Li (7,52%) і ​7Li (92,48%). У зямной кары 6,510​−3 % па масе (гл. Літыевыя руды). Адкрыты ў 1817 швед. хімікам А.​Арфведсанам у мінерале петаліце; назва ад грэч. lithos — камень. Л. метал. атрыманы ў 1818 англ. хімікам Г.​Дэві.

Мяккі і пластычны серабрыста-беды метал, tпл 180,54 ​○С, шчыльн. 533 кг/м³ (самы лёгкі метал). Узаемадзейнічае з вадой, бурна з разбаўленымі мінер. к-тамі (утварае солі; гл. Літыю злучэнні), з галагенамі (з ёдам пры награванні), кіслародам і азотам. У паветры хутка цьмянее з-за ўтварэння Л. нітрыду Li3N і аксіду Li2O. Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам, вугляродам, серай і інш. неметаламі. З металамі ўтварае інтэрметаліды. Важнейшымі злучэннямі Л. з’яўляюцца літыйарганічныя злучэнні. Захоўваюць Л. у герметычных бляшанках пад слоем сумесі парафіну з мінер. маслам. Атрымліваюць электролізам расплаўленай сумесі хларыдаў Л. і калію (ці барыю). Выкарыстоўваюць у вытв-сці анодаў для хім. крыніц току, як кампанент сплаваў магнію і алюмінію, антыфрыкцыйных сплаваў (бабітаў), як каталізатар полімерызацыі; вадкі — у якасці цепланосьбіта ў ядз. рэактарах; ізатоп ​6Li — у вытв-сці трытыю. Пры кантакце выклікае апёкі вільготнай скуры і вачэй, пры пападанні ў арганізм — слабасць, санлівасць, галавакружэнне.

І.​В.​Боднар.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),

He, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​4He (99,999862%) і ​3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.​Жансэнам і Н.​Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27∙10​−4% па аб’ёме (​4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры ​4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім ​4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі ​3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.

В.​Р.​Собаль.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),

Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб. пашыраны метал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,510​16 т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.​Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл. Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп ​24Na — у медыцыне.

Літ.:

Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ. М., 1961.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.

Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 10​6 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.

А.​Л.​Чарнякова.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,

пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.

П п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.​Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.​Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг. буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн. тэкст. прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.

На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц. т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́КА, Каралеўства Марока (араб. Аль-Мамляка аль-Магрыбія або Магрыб аль-Акса, літар. далёкі захад) дзяржава ў Паўн.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на У і ПдУ з Алжырам, на Пд — з Заходняй Сахарай. На Пн абмываецца Міжземным м. (на ўзбярэжжы гарады Сеута і Мелілья належаць Іспаніі), на З — Атлантычным ак. Пл. 446,6 тыс. км². Нас. 29,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Рабат. Падзяляецца на 31 правінцыю і 2 прэфектуры. Нац. свята — Дзень трона (3 сак. — дата ўступлення на прастол караля Хасана II у 1961).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная спадчынная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Палата прадстаўнікоў, 306 членаў якога выбіраюцца на 6 гадоў (​2/3 з іх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах, ​1/3 — калегіяй выбаршчыкаў, што складаецца з дэпутатаў камунальных, правінцыяльных і прэфектурных саветаў і інш. арг-цый). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары, у прэфектурах — мэры, у абшчынах — каіды (усіх гэтых асоб назначае кароль). У абшчынах ёсць выбарныя органы мясц. самакіравання (камунальныя і муніцыпальныя саветы). Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, апеляцыйныя суды і т.зв. суды садада, або міравыя трыбуналы.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы (больш за ​1/3 тэрыторыі) і высокія раўніны (месеты). На Пн горы Эр-Рыф. Праз цэнтр. ч. з ПдЗ на ПнУ цягнуцца хрыбты Атласа — Сярэдні Атлас, Высокі Атлас (г. Тубкаль, 4165 м), Антыатлас. Горы акаймоўваюцца высокімі раўнінамі, на ПнЗ — Мараканскай Месетай, на ПдУ — Перадсахарскай Месетай. Раўніны на марскіх узбярэжжах. Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: фасфарыты (адно з першых месцаў у свеце, разведаныя запасы 10,6 млрд. т), руды кобальту, вальфраму, ванадыю, хрому, тытану, жалеза, медзі, поліметалаў, невял. запасы вугалю і нафты. Клімат пераважна субтрапічны міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэднія т-ры студз. 10—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў ад 1700—1000 мм на зах. схілах гор да 200—100 мм на Пд і ПдУ. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Рэк з пастаянным цячэннем мала; галоўныя — Ум-эр-Рбія, Мулуя, Себу. На Пд і У шмат вадзі. У гарах на ПнЗ субтрапічныя лясы (12 % тэр.), гаі коркавага дуба і атласкага кедра. У паўпустынях — разрэджаная расліннасць (трава альфа, палыны і інш.). Аазісы з фінікавымі пальмамі. Для жывёльнага свету характэрны драпежнікі (шакал, гіена, рысь, пантэра), шмат грызуноў (зайцы, тушканчыкі, мышы), паўзуноў і птушак. З насякомых найб. небяспечная саранча. У краіне 2 нац. паркі (Тубкаль, Тазека) і каля 100 запаведнікаў.

Насельніцтва. 99,1% складаюць мараканцы, у т. л. арабы — 74,1%, берберы — 25%; еўрапейцаў 0,7% (французы, іспанцы і інш.), яўрэяў 0,2%. 98,7% насельніцтва — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 1,9%. Сярэдняя шчыльн. 65,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200—300 чал. на 1 км²) заселены раўнінныя ўчасткі на ПнЗ. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1998): Касабланка — 3,4, Рабат — 1,6, Маракеш — 1,6, Фес — 1,2, Танжэр —0,65, Кенітра — 0,43. Каля 1,5 млн. чал. — качэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 26%, у інш. галінах — 9%. У сувязі з няпоўнай занятасцю многія жыхары М. выязджаюць за мяжу, дзе пражывае каля 0,5 млн. мараканцаў (пераважна ў Францыі).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — плямёны бербераў. У 12 ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа М. каланізавана фінікійцамі, з 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 да н.э.) М. знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 н.э. паўн. ч. краіны ўвайшла ў склад Рым. імперыі як прав. Маўрэтанія Тынгітана. У 429 узбярэжжа М. заваявалі вандалы, у 533 — Візантыя. У 682 М. заваявалі арабы, якія зрабілі вял. ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, араб. мова стала дзяржаўнай. У канцы 8 ст. М. аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася араб. дынастыя Ідрысідаў (789—926). Пазней правілі розныя дынастыі араб. і берберскага паходжання, з якіх найб. магутныя Альмаравіды (1050—1147) і Альмахады (1147—1269). Пры Альмахадах М. было цэнтрам вял. дзяржавы, якая ўключала тэр. сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значныя ч. Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрап. экспансія. У 1415 Партугалія захапіла г. Сеута. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам М. Адраджэнне М. пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660). У 1578 мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца 17 ст. аднавілі сваю ўладу над б.ч. прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура [1579—1603] лічыцца «залатым векам» у гісторыі М. У 1660 да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найб. магутнасці пры Ісмаіле [1672—1727]. Пасля яго смерці М. перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадз. войны. У 18 — пач. 19 ст. піраты М. і інш. «варварскіх дзяржаў» Паўн. Афрыкі стваралі вял. небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да М. ўвагу вял. еўрап. дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—60 Іспанія захапіла г. Тэтуан. У 1904 Вялікабрытанія прызнала М. сферай франц. інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел М. на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—11. У сак. 1912 Францыя ўстанавіла пратэктарат над М., невял. тэр. на Пн краіны паводле франка-ісп. пагаднення (ліст. 1912) адышла пад ісп. кантроль. У 1920 правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 вызваліў б. частку ісп. М. Паўстанне задушана ў 1926 франц. арміяй (200 тыс. чал.) на чале з маршалам А.​Ф.​Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) Франц. М. перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэг. плацдарм Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У ліст. 1942 у Паўн. Афрыцы высадзіліся англа-амер. войскі, якія выгналі з М. ням. і італьян. акупантаў. Адначасова ў краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух, у 1943 узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і камуніст. партыя М., якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 султан М. Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жн. 1953 быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад франц. улад у кастр. 1955 пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).

2.3.1956 Францыя прызнала незалежнасць Франц. М. У крас. 1956 Іспанія перадала М. сваю ч. краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 у склад М. вернуты г. Танжэр (дагэтуль міжнар. зона), у 1958 — тэр. Тарфая. У жн. 1957 Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём М. пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (лют. 1961) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II [1961—99], які ў снеж. 1962 выдаў першую канстытуцыю М. і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. У 1972 прынята новая канстытуцыя. На эканам. становішча М. негатыўна паўплываў ваен. канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО у Зах. Сахары ў 1976—89. На ўсеагульным рэферэндуме ў вер. 1997 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх створаны 2-палатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці М. да дэмакр. каштоўнасцей. На выбарах у канцы 1997 дасягнула поспеху дэмакр. апазіцыя на чале з Сацыяліст. саюзам нар. сіл, лідэр якога А.​Юсуфі стаў у лют. 1998 прэм’ер-міністрам. Пасля смерці ў жн. 1999 Хасана II каралём М. стаў Мухамед VI. М. — чл. ААН (з 1956), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. краін (з 1956). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. саюз нар. сіл, Канстытуцыйны саюз, Нац. аб’яднанне незалежных, Народны рух, Ісцікляль і інш. Найб. прафс. аб’яднанні — Мараканскі саюз працы, Усеагульны прафсаюз працоўных М., Дэмакр. канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. М. — індустр.-аграрная краіна, належыць да найб. развітых краін Афрыкі. Прам-сць дае 32,2% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14,3%, абслуговыя галіны — 53,5%. Штогадовы даход на 1 чал. — 1140 дол. (1996). Найб. развіта горназдабыўная прам-сць. Яе аснова — здабыча фасфарытаў (18,3 млн. т, 1995); гал. радовішчы — Хурыбга, Юсуфія, Бен-Герыр. Здабываюць таксама жал., свінцова-цынкавую, марганцавую, кобальтавую. медную руды, плавікавы шпат і інш. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Надоры (арматурная сталь, катанка), невял. з-дамі па вытв-сці акатышаў, стальных і чыгунных труб. Ёсць прадпрыемствы каляровай металургіі. Машынабудаванне развіта пераважна на імпартаваных вузлах і дэталях. Працуе 6 аўтазборачных (легкавыя і грузавыя аўтамабілі) і трактаразборачны з-ды. Вытв-сць чыг. вагонаў, горнашахтавага абсталявання. Электратэхн. прам-сць (больш за 60 прадпрыемстваў) вырабляе халадзільнікі, швейныя і пральныя машыны, газавыя і эл. пліты. Наладжаны выпуск электронных кампанентаў і камп’ютэраў. Хім. прам-сць выпускае фосфарныя (926 тыс. т, 1997) і азотныя (280 тыс. т) угнаенні, саляную і фосфарную кіслоты і інш. Фармацэўтычная прам-сць задавальняе патрэбы краіны на 85%. Вытв-сць цэменту склала 6,4 млн. т. Лёгкая прам-сць выпускае тканіны (баваўняныя, шаўковыя, суконныя), габелены, дываны. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці. З галін харч. прам-сці вылучаюцца цукровая (13 заводаў), кансервавая (1-е месца ў свеце па выпуску кансерваў з сардзіны), алейная, вінаробчая, мукамольная; з-ды па вытв-сці фруктовых сокаў. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (выпуск ДСП, тары, буд. элементаў, апрацоўка кары коркавага дубу). Паліўна-энергет. комплекс уключае нафтаперапр. з-ды ў Сіды-Касеме і Махамедыі, здабычу каменнага вугалю (603,8 тыс. т, 1995), цеплавыя электрастанцыі. На рэках працуюць 17 ГЭС. Ёсць геліяўстаноўкі. Штогод атрымліваюць больш за 10 млрд. кВт ∙ гадз электраэнергіі. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы — у гарадах на Пн краіны, у т. л. палавіна — у Касабланцы. Шырока развіты саматужныя промыслы — выраб скураных, медных, плеценых вырабаў, дываноў, прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў і інш. Сельская гаспадарка — традыцыйны занятак б.ч. насельніцтва. Землі, прыдатныя для апрацоўкі, складаюць каля 20,7% тэр. краіны, апрацоўваецца каля 7,6 млн. га, пад пашай 20 млн. га. 6% апрацаваных зямель займаюць шматгадовыя насаджэнні, 13,6% — арашаецца. Каля палавіны с.-г. зямель належыць буйным землеўладальнікам. Раслінаводства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Найб. развіта на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Вырошчваюць пшаніцу (валавы збор 1,2—1,6 млн. т), ячмень (608 тыс. т), кукурузу, авёс, жыта, сорга, проса, на арашальных землях — рыс. Агародніну і фрукты вырошчваюць часткова на экспарт. Збор (тыс. т, 1995): памідораў — 624, морквы — 224, дынь — 415, ранняй бульбы — 770, алівак — 436, вінаграду — 128, апельсінаў — 676, мандарынаў — 304, яблыкаў — 270. Вырошчваюць цукр. буракі (2,7 млн. т, 1995) і цукр. трыснёг (1 млн. т), бавоўнік, лён, сізаль, тытунь. Збор травы альфа. Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, асн. занятак насельніцтва ў горных і паўпустынных раёнах. Гадуюць (1995, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 2500, авечак — 16 600, коз — 4400, аслоў — 880, мулаў — 351, коней — 156, вярблюдаў — 36. Каля буйных гарадоў прамысл. птушкагадоўля. У рыбалоўстве занята больш за 100 тыс. чал. Штогод ловяць 0,5—0,8 млн. т сардзіны, тунца, макрэлі. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 53,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 28,2 тыс. км, чыгунак 1562 км. Гал. парты Касабланка, Сафі, Танжэр, Кенітра, Агадыр. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Касабланцы і Рабаце. У 1996 экспарт склаў 7,7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. долараў. Гал. тавары экспарту: фасфарыты, фосфарныя ўгнаенні, фосфарная кіслата (больш за 40% па кошце), канцэнтраты руд каляровых металаў, цытрусавыя, агародніна, ранняя бульба, сардзіны, тэкстыль. У імпарце пераважна нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты.

Вядучыя краіны па экспарце — Францыя, Іспанія, Японія, па імпарце — Францыя, Іспанія, ЗША. М. — краіна развітога турызму. Па колькасці замежных турыстаў (3115 тыс. чал. у 1997) займае 4-е месца сярод афр. краін. Даходы ад турызму склалі ў 1997 1,2 млрд. долараў. Асн. цэнтры замежнага турызму — Атлантычнае ўзбярэжжа і гарады Агадыр, Фес, Маракеш, Танжэр, Тэтуан. Знешняя запазычанасць — 21 млрд. долараў. Асн. крэдыторы — Францыя, ЗША, Германія, некат. арабскія краіны, міжнар. банкі і кансорцыумы. Грашовая адзінка — дырхем.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 200 тыс. чал. (1998). Галоўнакамандуючы — кароль. У сухап. войсках 175 тыс. чал., больш за 600 танкаў, 780 бронетранспарцёраў, каля 800 гармат, у т. л. 420 зенітных, 1,1 тыс. мінамётаў, больш за 100 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 13,5 тыс. чал., 89 баявых самалётаў і 24 баявыя верталёты. У ВМС 7,8 тыс. чал., у т. л. 1,5 тыс. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 24 катэры.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 120 перыяд. выданняў. Найб. масавыя газеты на араб. — «Аль-Анба» («Весці», з 1971), «Аль-Місак аль-Ватані» («Нацыянальная хартыя», з 1977), «Аль-Ітыхад аль-Іштыракі» («Сацыялістычны саюз», з 1983), «Аль-Алям» («Сцяг», з 1946), на франц. — «Le Matin du Sahara et du Maghreb» («Раніца Сахары і Магрыба», з 1971), «L’Opinion» («Думка», з 1965), на араб. і франц. мовах — «Аль-Баян» («Заява», з 1972), «Аль-Дэмакраці» («Дэмакратыя», з 1982). Урадавае інфарм. агенцтва — Магрыб Араб Прэс (МАП, засн. ў 1959). Радыёвяшчанне з 1962, перадачы вядуцца на араб., франц., ісп., англ., берберскай мовах. Тэлебачанне з 1962, на араб. і франц. мовах.

Літаратура. Развіваецца на араб., берберскай і франц. мовах. Першы пісьмовы помнік берберскай славеснасці — Каран Баргуаты (8 ст., страчаны). Араб. л-ра М. класічнага перыяду прадстаўлена асн. жанрамі класічнай араб. л-ры (гл. ў арт. Арабская культура). У 11—12 ст. у паэзіі вядучае месца займалі лірыка і панегірык (Ібн Хабус, Ібн Рушэйд). У прозе 12—14 ст. пераважалі гіст. летапісы (Абд аль-Вахід аль-Маракушы, Ібн аль-Катан) і геагр. творы (Ідрысі, Ібн Батута). У 15—16 ст. узнікла біягр. і жыційная л-ра. З 16 ст. культываваліся традыцыі андалускай паэзіі. Нар. л-ра на араб. і берберскай мовах вядома з 14—15 ст.: вусныя фалькл. і аўтарскія вершаваныя і празаічныя жанры — эпічныя паэмы і жывёльны эпас (казкі). У 1930-я г. вядомасць набыла берберская нар. паэтэса Н.​А.​Мрырыда. Росквіту дасягнула паэзія мальхун, якая на літ. араб. мове прадоўжыла асн. матывы класічнай араб. паэзіі. З 17 ст. развіваліся традыцыі нар. паэзіі Андалусіі. Сучасная л-ра на араб. і франц. мовах атрымала развіццё пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з уздымам нац.-вызв. руху. На мяжы 1940—50-х г. складвалася апавядальная проза на араб. і франц. мовах (А. аль-Фасі, А.​Бенджэлун, А.​Сефрыўі). У 1950-я г. вядучае месца заняў франкамоўны раман (Д.​Шрайбі), атрымала вядомасць паэзія на франц. мове М.​А.​Лахбабі. Тэмы нац.-вызв. барацьбы і станаўлення новага ўкладу жыцця пераважалі ў творчасці арабамоўных паэтаў М.​Маадаўі, Б.​Ламтуні, М. ат-Танжаўі. У 1960-я г. ўзніклі гіст. п’есы Х.​Саіха на літ. араб. мове, драматургія на франц. мове (Фарыс Фарыд) і на мараканскім дыялекце араб. мовы (А. аль-Алажы). Бурна развівалася арабамоўная проза: творы публіцыста А.​Галаба, раманы Лахбабі, навелы і раманы пісьменнікаў новага пакалення — М.​Сабага, М.​Буалу, М.​Знібера, А. аль-Бакалі, А.​Ларуі, А.​Схімі, Д. аль-Хуры, М.​Шагмума, М.​Барады і інш. З наватарскімі пошукамі ў паэзіі выступілі М.​Хайрэддзін, Т.​Бенджэлун. Захоўвае папулярнасць і франкамоўная л-ра (Шрайбі, А.​Хатыбі). У 1960 засн. Саюз пісьменнікаў М.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд. раёнах М. захаваліся наскальныя выявы сланоў, антылоп, птушак часоў неаліту. Ад 1-га тыс. да н.э. захаваліся кальцавыя каменныя могільнікі (шушы) мясц. качавых плямён, рэшткі фінікійскіх калоній (Тынгіс, сучасны Танжэр), руіны рым. гарадоў (Валюбіліс, Тамуд) з рэшткамі арх. ансамбляў, мазаікамі, скульптурай. У 11—15 ст. у М. развівалася адна са школ маўрытанскага мастацтва. Сярэдневяковыя гарады, якія будаваліся з каменю, бетону, гліны і цэглы, уключалі касбу (цытадэль) і медыну (гар. ядро), абкружаныя сценамі з прамавугольнымі ў плане вежамі (Мекнес, Рабат, Фес). У культавай архітэктуры склаўся тып шматстаўповай мячэці са сталактытавымі ці ячэістымі купаламі, з драўлянай наборнай столлю-артэсанада з кесонамі: мячэці Караўін у Фесе (859—1135), Кутубія ў г. Маракеш (1153, 17 нефаў; мінарэт 1184—99, выш. 67,5 м, разны каменны дэкор), Хасана ў Рабаце (1195, не завершана). Высокага ўзроўню дасягнула фартыфікацыйнае буд-ва: крэпасці Амаргу каля Феса (11 ст.), Тасгімут (12 ст.), гар. ўмацаванні з брамамі, аздобленымі разьбой па камені (Баб-Агвенау ў Маракешы, 12 ст.). Помнікі 13—14 ст. дэкарыраваны драўлянай і стукавай разьбой, паліванай кафляй, керамічнай і шкляной мазаікай, вітражамі (Вял. мячэць у г. Таза, медрэсэ Атарын у Фесе). Пабудовы 16—17 ст. адметныя празмернай пышнасцю (ансамбль маўзалеяў у Маракешы, Вял. мячэці ў Танжэры і Тэтуане). Са збудаванняў 18—19 ст. вылучаюцца вароты Баб-эль-Мансур у Мекнесе, палацы Феса (Дар-Бата), Мекнеса і інш. У сярэднія вякі склаліся тыпы нар. жылля мараканцаў: 2-павярховыя дамы з унутр. дваром, горныя жытлы-замкі бербераў (касба, ксар), круглыя ў плане хаціны (нуала) з конусападобным саламяным дахам, жытлы з 2-схільным дахам з чароту. У мастацтве сярэднявечча росквіту дасягнулі ткацтва (шоўк, парча, дыванаткацтва; Рабат і Маракеш), цісненне па скуры, выраб керамікі са штампаванымі і размаляванымі ўзорамі, маст. апрацоўка бронзы (шмат’ярусныя ажурныя люстры для мячэцей). У перыяд франц. пратэктарату ў гарадах з’явіліся раёны еўрап. забудовы (франц. арх. А.​Прост). У 1-й пал. 20 ст. пашыраны стыль «марэск» — эклектычнае выкарыстанне дэкар. элементаў маўрытанскай архітэктуры. У 1950—80-я г. будавалі ў сучасных стылях з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў (Касабланка, Рабат і інш.). Развіваецца новае для М. выяўл. мастацтва (жывапісцы МА.​Ідрысі, М.​Мушбаа, скульпт. Х. бен Салах, графік М.​Амар). Пашыраны гар. кааператывы прыкладнога мастацтва. Развіваюцца выраб дываноў, цісненне і вышыўка па скуры, чаканка і інкрустацыя па медзі, ювелірная справа. Помнікі медын у Маракешы і Фесе, жытлы-замкі ў в. Аіф-бен-Хадоу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Музыка. У музыцы М. вылучаюцца 2 асн. галіны: берберская (найб. стараж.) і арабская. Мастацтва берберамоўных народаў сінкрэтычнае: непарыўная сувязь музыкі, паэзіі і танца. Найб. пашыраныя жанры — аферды (распеў загадак), ташэрафт (пастухоўскія песні без інстр. суправаджэння), атэмшы, або ізлі (невял. песні-паэмы). Музыка бербераў засн. пераважна на 7-ступенных дыятанічных ладах, сустракаецца і пентатоніка. Характэрныя рэспансорныя спевы ў суправаджэнні інстр. ансамбляў (духавыя і ўдарныя інструменты — зурны і табл; касабы і бендыры); часам для акампанементу выкарыстоўваецца гуінбры — 2—3-струнная лютня. З 7 ст. замацаваліся стылі і жанры араб. муз. мастацтва, у т. л. звязаныя з мусульм. рэліг. культам, у 12—13 ст. — рытуальныя містычныя цырымоніі. Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя рэбаб, уд, 72-струнная цытра канун; най (падоўжная флейта), мембранафоны — дарабука, рык, табл і інш. Свецкія жанры фарміраваліся ў рэчышчы т.зв. андалускай школы (9—15 ст., заснавальнік Зір’яб), асн. жанр — нуба (вак.-інстр. кампазіцыя), сярод інш. жанраў — касыда, мувашах, заджаль, мауэль (вак.), таксім (інструментальны). У сярэднявеччы сфарміраваліся асновы муз. тэорыі, склалася ладавая сістэма макамаў. У 16 ст. ўзніклі гар. песенныя стылі, у т. л. грыха, для якіх характэрна куплетная форма з прыпевам. З сярэдзіны 16 ст. музыка М. зазнала тур. ўплыў. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. яна трапіла пад уплыў франц. муз. мастацтва. З 1950-х г. узмацнілася тэндэнцыя да захавання і развіцця нац. музыкі. Сярод муз. дзеячаў кампазітары М.​Беніс, А.​Аўатыф, М.​Шэкруні, інструменталісты Х. бен Брахім, О.​Тантаўі, выканаўца на кануне і музыказнавец С.​Шаркі. Працуюць ансамблі андалускай музыкі, кансерваторыі, праводзяцца міжнар. фестывалі нар. мастацтва (з 1960, г. Маракеш), кангрэсы араб. музыкі.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы зняты франц. аператарамі ў 1897. У 1944 арганізаваны Мараканскі кінацэнтр і кінастудыя «Сусі». Рэгулярны выпуск кінахронікі ў М. пачаўся з 1958 (рэж. Л.​Беншэкрун, М.​Афіфі, А.​Рамдані, М.​Тазі). У 1968—70 створана студыя «Айн-Шок», пачалася вытв-сць паўнаметражных фільмаў, пераважна прыгодніцкіх, сумесна з Францыяй, Італіяй, Іспаніяй, Егіптам, Румыніяй і інш. Першыя стужкі — перайманні егіп. меладрам і галівудскіх фільмаў 1940-х г. Пошукі сучасных сродкаў выразнасці выявіліся ў фільмах «Веснавое сонца» (рэж. Л.​Лахлу), «Сляды» (рэж. Х.​Бенані; абодва 1970), «Аш-Шэргі, або Лютае маўчанне» (1975, рэж. М.​Сміхі), «Аль Канфудзі» (1978, рэж. Лахлу), прысвечаных гісторыі краіны. Сац.-крытычная тэндэнцыя прадстаўлена творчасцю А.​Маануні («Дні... дні», 1979), С.​Бен Баркі («Тысяча і адна рука», 1972, з Італіяй). Сярод фільмаў 1980-х г. «Трансы» (1981, рэж. Маануні), «Цырульнік беднага квартала» (рэж. М.​Рэгаб) і «Амок» (рэж. Бен Барка, сумесна з Гвінеяй і Сенегалам; абодва 1982), «Наканаванне» (1983, рэж. Ф.​Буркія).

Літ.:

Луцкая Н.С. Очерки новейшей истории Марокко. М., 1973;

Аяш Ж. Очерки марокканской истории: Пер. с фр. М., 1982;

Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев, 1982;

Ментешашвили З.А. Социальное развитие независимого Марокко: Традиции и современность. М., 1988;

Кушке И.Г. Писатели Марокко, пишущие на французском языке, 1940—1980 гг. М., 1981;

Дербисалиев А.Б. Арабоязычная литература Марокко: Осн. этапы развития. Алма-Ата, 1983;

Каптерева Т.П. Искусство стран Магриба: Древний период. М., 1980;

Шоттен А. Обзор марокканской музыки: Пер. с фр. М., 1967.

П.​Л.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка).

Герб і сцяг Марока.
Да арт. Марока. Атласкія горы.
Да арт. Марока. Узбярэжжа Атлантычнага акіяна каля Танжэра.
Да арт. Марока. Старая французская крэпасць у Эль-Арапшы.
Да арт. Марока. Руіны старажытнарымскага горада Валюбіліс.
Да арт. Марока. Унутраны двор мячэці Караўін у г. Фес. 859—1135.
Да арт. Марока. Фрагмент сцяны медрэсэ Атарын у г. Фес. 14 ст.
Да арт. Марока. Жытлы-замкі ў вёсцы Аіф-бен-Хадоу.

т. 10, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)