Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Бурлакі (гістар.) 1/519; 2/479
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛАКІ́,
1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл.Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.
2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПІН (Ілья Яфімавіч) (5.8.1844, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 29.9.1930),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у І.Крамскога (1863), Пецярбургскай АМ (1864—71); у 1873—76 стыпендыят у Італіі і Францыі. У 1894—1907 выкладаў у Пецярбургскай АМ (у 1898—99 рэктар). Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (з 1878; гл.Перасоўнікі). У творчасці Р. ўвасобіліся лепшыя дасягненні дэмакр. мастацтва яго часу. У шматлікіх палотнах адлюстраваў супярэчнасці грамадскага жыцця паслярэформеннай Расіі, выкрываў эксплуатацыю народа, сцвярджаў скрытую ў ім сілу і наспяванне пратэсту («Бурлакі на Волзе», 1870—73; «Хрэсны ход у Курскай губерні», 1880—83), стварыў шэраг станоўчых вобразаў, ярка і праўдзіва адлюстраваў сілу і слабасць разначынскага рэв.-дэмакр. руху («Адмова ад споведзі», 1879—85; «Не чакалі», 1884; «Арышт прапагандыста», 1880—92). У гіст. карцінах імкнуўся паказаць трагічныя перапляценні чалавечых пачуццяў, моцныя драм. характары («Царэўна Соф’я», 1879; «Іван Грозны і сын яго Іван», 1885), раскрыць вальналюбны дух народа («Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», 1878—91). Стварыў шматгранныя вобразы прадстаўнікоў розных слаёў рас. грамадства («Мужык з ліхім вокам», «Протадыякан*. абедзве 1877), партрэты У.Стасава (1873), М.Мусаргскага (1881), П.Стрэпетавай (1882), Л.Талстога (1887), Э.Дузе (1891), В.А.Сярова (1901), І.Паўлава (1924), групавы партрэт «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета» (1901—03; з Б.Кустодзіевым і І.Куліковым), малюнкі «Неўскі праспект» (1887) і інш. У 1892—1904 перыядычна працаваў ва ўласным маёнтку Здраўнёва (Віцебская вобл). Тут створаны карціны «Беларус», «Асенні букет», «Паляўнічы з ружжом» (усе 1892), «Касец-літвін» (1894), «Дуэль», «Месячная ноч. Здраўнёва», «Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома» (усе 1896) і інш., шэраг эцюдаў, эскізаў («На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», 1892; «Казанне Язафата Кунцэвіча», 1893, і інш.). Творам уласціва гарманічнае спалучэнне каларыту і святло-паветранага асяроддзя, строга прадуманая кампазіцыя, арганічная цэласнасць пластычнай формы і колеру, малюнка і жывапісу. Р. карыстаўся чыстымі светлымі фарбамі, якія ў яго палотнах аб’ядноўваліся ў адзіную колеравую гаму. У б. маёнтку Здраўнёва адкрыты Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва». З 1993 праводзіцца Міжнар. дзіцячы пленэр імя Р. Іл.гл. таксама да арт.Рэалізм, Расія.
Тв.:
Далекое близкое. 7 им. М., 1964.
Літ.:
Грабарь И. Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;
Новое о Репине. Л., 1969;
Лясковская О.А. И.Е.Репин. [3 изд.]. М., 1982;
Чуковский К.И. И.Репин. 2 изд. М., 1983;
И.Репин: Живопись, графика: Альбом. Л., 1985;
гл. таксама да арт.Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНІКІ,
мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;