1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАФО́НІЯ (ад гетэра... + грэч. phōnē гук),
сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл.Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.Дэбюсі, І.Стравінскі).
Літ.:
Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;
Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),
старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады,
канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.Жэзмер, І.Капланаў, Л.Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.Бурдон, А.Дудкін, Г.Ермаловіч, В.Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРА́ЛЬ (франц. pastorale ад лац. pastoralis пастухоўскі),
у літаратуры — ідылічны твор любоўна-лірычнага характару з жыцця пастухоў і пастушак; жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі. Жанр. формы П. — эклога, паэма, раман, драма. Вытокі П. ў ант. паэзіі (буколікі Феакрыта, Вергілія) і л-ры ранняга Адраджэння (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо); пашырылася ў канцы 15—17 ст. (творы А.Паліцыяна, Т.Таса і інш.). У Расіі найб. выявілася ў творчасці М.Карамзіна, А.Сумарокава. Форму П. выкарыстаў у «Сялянцы» («Ідыліі») В.Дунін-Марцінкевіч.
У музыцы П. — невял. опера, пантаміма ці балет (а таксама іх асобныя сцэны) на ідылічны вясковы сюжэт. Узнікла пад уплывам ант. паэзіі. Пастаральныя оперы пісалі Г.Ф.Гендэль («Ацыс і Галатэя»), В.А.Моцарт («Басцьен і Басцьена»), Ж.Ж.Русо («Вясковы чараўнік») і інш. Узор стылізацыі П. — інтэрмедыя «Шчырасць пастушкі» ў оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага. Існуюць П. як вак. ці інстр. п’еса, што малюе карціны прыроды або жанравыя сцэны вясковага жыцця. Вак. П. ахопліваюць творы ад мадрыгала да сольнай песні ў суправаджэнні фп. Сольныя П. ёсць у І.Гайдна, Моцарта, Ф.Шуберта, Г.Вольфа і інш.Інстр. П. ствараліся як частка канцэрта або цыклічнага твора (concerto grosso А.Карэлі і інш.) і як самаст. творы для скрыпкі, фп., аргана. Сімф. П. часам бываюць асобнымі часткамі цыклічнага твора (3-я ч. «Фантастычнай сімфоніі» Г.Берліёза «Сцэна ў палях») або цэлымі цыкламі («Поры года» А.Вівальдзі, 6-я «Пастаральная сімфонія» Л.Бетховена). Характэрныя рысы інстр. П. — плаўны, спакойны рух мелодыі, часта падвоенай у тэрцыі, вытрыманыя гукі (бурдон) у басе суправаджэння, што ўзнаўляюць гучанне нар. валынкі, рытм сіцыліяны (памер 6/8, 12/8). У бел. музыцы інстр. П. стварылі Э.Зарыцкі (П.-канцэрціна для сімф.арк.), Я.Касалапаў (для фп. ў 4 рукі), А.Мдывані («Крэшчэнда» для валторны з камерным арк.), В.Сярых (Пастаральная саната для флейты і фп.), А.Чыркун (Паэма-П. для сімф.арк.) і інш.