МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр. с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРП к-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах. абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.​Я.​Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.​Я.​Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр. камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр. камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв. с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.​К.​Башко, М.​В.​Біч, Э.​М.​Савіцкі.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФАНД (Хаім Янкель Шыманавіч) (літ. псеўд. А.​І.​Літвак; 1877, г. Слуцк Мінскай вобл. — 1932),

палітычны дзеяч і публіцыст. Адзін з кіраўнікоў Бунда, з 1905 чл. яго ЦК. Неаднаразова быў арыштаваны, у 1896—1902 у ссылцы ў Якуцку. У 1915—17 прадстаўнік Бунда ў ЗША. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Да Кастр. рэвалюцыі 1917 паставіўся адмоўна. На XI канферэнцыі Бунда (1919, Мінск) узначаліў с.-д. крыло. У 1921 арыштаваны органамі ДПУ, пасля вызвалення жыў у Вільні. З 1925 у ЗША.

Тв.:

Мелкобуржуазный социализм на еврейской почве: (Критика «теории» социалистов-сионистов). СПб., 1906;

Поалей сионизм: Новое течение в рус. еврействе — рабочий сионизм: Критический очерк. СПб., 1907.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНШТЭ́ЙН (Арон Ісакавіч) (парт. псеўд. Рахміэль, Рахмілевіч; 23.11.1877, Вільня — 1938),

удзельнік рэв. руху. Скончыў Віленскі яўр. настаўніцкі ін-т (1897). З 1897 чл. Бунда, з 1901 чл. яго ЦК, у 1917—21 старшыня ЦК Бунда. Неаднаразова арыштоўваўся царскімі ўладамі, у 1914—17 сасланы ў Сібір. З 1917 чл. выканкома Мінскага гар. Савета, старшыня Мінскай гар. думы. Ад імя Бунда падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР (31.7.1920). У 1920 чл. ВРК БССР. Пасля 2-га Усебел. з’езда Саветаў (снеж. 1920) старшыня Саўнаргаса БССР. У 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР. З канца 1921 у Кіргізіі. З 1923 чл. калегіі Наркамфіна СССР, нач. Гал. ўпраўлення дзярж. фін. кантролю. У 1938 рэпрэсіраваны.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНД (ад ідыш der Bund саюз),

нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.​Вайнштэйн, М.​Рафес, М.​Фрумкіна і інш.

У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.

Літ.:

Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.

У.​А.​Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ,

часовы орган улады ў Гомелі ў снеж. 1918 — студз. 1919. Утворана 17.12.1918 на пасяджэнні гар. думы на ўзор Укр. дырэкторыі. Бальшавіцкая арг-цыя адмовілася падтрымаць Гомельскую дырэкторыю і стварыла Ваенна-рэв. к-т (ВРК). У склад Гомельскай дырэкторыі ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, Гомельскага с.-д. к-та Бунда, сацыялістаў-сіяністаў, гар. думы, Цэнтр. бюро прафсаюзаў і інш. Яе падтрымлівалі герм. акупац. ўлады. Пасля перагавораў сав. боку з герм. камандаваннем улада ў Гомелі 6.1.1919 перададзена ВРК. Гомельская дырэкторыя самаліквідавалася.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОРЬБА»,

штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 16(29).11.1917 да 3(16).1.1918 у Віцебску на рус. мове супрацоўнікамі газ. «Известия Витебского Совета солдатских и рабочых депутатов», закрытай за антыбальшавіцкую дзейнасць. З 27.12.1917(10.1.1918) стала «органам сацыялістычнага блоку Віцебскага гарадскога самакіравання», у які ўвайшлі прадстаўнікі розных паліт. партый: Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, РСДРП, Бунда, партыі нар. сацыялістаў, аб’яднанай яўр. Сацыяліст. партыі. Гал. задачай абвясціла барацьбу з анархіяй, за хутчэйшае адкрыццё і свабоднае, незалежнае функцыянаванне «Усенароднага і Поўнаўладнага Устаноўчага сходу». Апошні раз выйшла пад назвай «Наша борьба». Закрыта бальшавіцкімі ўладамі Віцебска.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ САВЕ́Т 1905,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Мінска ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 і Снежаньскага узбр. паўстання 1905. Утвораны пасля курлоўскага расстрэлу 1905 з прадстаўнікоў Мінскай групы РСДРП, Лібава-Роменскага к-та Усер. чыг. саюза, мясц. к-таў ПСР і Бунда. У час Кастр. стачкі савет 12 дзён трымаў пад сваім кантролем чыг. вузел, стварыў камісію ўзаемадапамогі, суд гонару. 21 снеж. М.к.с. заклікаў да ўсеаг. забастоўкі і пачаў дзейнічаць як орган улады. З прычыны масавых арыштаў савет прыняў рашэнне прыпыніць з 25 снеж. гар. забастоўку, але працягваць забастоўку чыгуначнікаў. 28 снеж. члены М.к.с. арыштаваны.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)