БУНД
(ад ідыш der Bund саюз),
нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На І з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дэярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.
У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.
Літ.:
Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;
Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.
У.А.Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).
т. 3, с. 337