БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),

французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.​Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).

Літ.:

Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Булез П. 10/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.​Хілера і праграміста Л.​Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.​Бэбіт, П.​Барба, К.​Штокгаўзен, Я.​Ксенакіс, П.​Шэфер, П.​Булез, С.​Грунберг, Э.​Арцем’еў, С.​Губайдуліна, У.​Мартынаў, Я.​Мурзін, бел. — В.​Раінчык, А.​Літвіноўскі, Дз.​Яўтуховіч.

Літ.:

Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл. Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз. авангарда П.​Анры, П.​Булез, А.​Месіян, К.​Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.​Рэспігі).

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),

французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.​Дзюка (кампазіцыя), М.​Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз. сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.​Булез, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен.

Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.

Літ.:

Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.​Мессиана. М., 1987;

Екимовский В.О. Мессиан. М., 1987.

А.Месіян.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)